За бунт у калоніі ў Івацэвічах пакаралі не менш за 60 чалавек — праваабаронцы
Маці зняволеных кажуць, што ў тых умовах, у якіх утрымліваюць вязняў, ні пра якое «выпраўленне» чалавека не можа быць гаворкі, і наўрад ці чалавек пасля калоніі зможа вярнуцца да нармальнага жыцця, піша «Свабода».
Магілёўскія праваабаронцы са спасылкай на сваякоў зняволеных пішуць на Mspring.online, што бунт у івацэвіцкай калоніі 3–4 лістапада 2018 года быў большым па маштабах, чым лічылася раней.
Пасля інцыдэнту ў івацэвіцкай калоніі было вядома, што адтуль этапавалі тры дзясяткі чалавек, і практычна ўсе яны трапілі або ў Магілёў на год турмы, або ў Жодзіна на тры гады. Але высветлілася, што этапавалі не тры дзясяткі, а сама меней 60 чалавек. Некаторых з іх дадаткова асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне» паводле арт. 411 КК.
Дэпартамент выканання пакаранняў ня змог аператыўна пракаментаваць гэтыя звесткі, «Свабода» выслала пісьмовы запыт.
Што за бунт
Спачатку ўлады адмаўлялі звесткі пра бунт, але ў дакументах этапаваных сярод парушэнняў значыўся і ўдзел у пратэстах.
Як сцвярджаюць праваабаронцы, праблемы ў івацэвіцкай калоніі пачаліся з прызначэння намеснікам начальніка ў рэжымна-аператыўнай працы Валянціна Столяра, пасля чаго пачаліся «невыносныя ўмовы ўтрымання» і «рэзкае павелічэнне колькасці дысцыплінарных спагнанняў».
У ноч з 3 на 4 лістапада ў «Воўчых норах», як называюць Івацэвіцкую калонію, пачалася акцыя пратэсту. Кажуць, два атрады патрабавалі не вывозіць з калоніі «прадстаўнікоў крымінальнага свету са статусам», а неўзабаве іх падтрымалі «практычна ўсе сядзельцы». Вязні заблакавалі дзверы ў атрадах і патрабавалі сустрэчы з начальнікам Дэпартаменту выканання пакаранняў.
На тэрыторыю калоніі ўвялі спецвойскі МУС, але абышлося без гвалту. З ананімных крыніцаў стала вядома, што канфлікт нібыта ўлагодзіў начальнік калоніі — палепшылася медыцынскае абслугоўванне, аддзел цэнзуравання пошты стаў працаваць рэгулярна, уладу Столяра абмежавалі.
Прынамсі некаторыя з удзельнікаў бунту асуджаныя паводле «наркатычнага» артыкулу 328, прычым некаторыя былі арыштаваныя ў 18 гадоў, адразу пасля школы. Маці зняволеных кажуць, што ў тых умовах, у якіх утрымліваюць вязняў, ні пра якое «выпраўленне» чалавека не можа быць гаворкі, і наўрад ці чалавек пасля калоніі зможа вярнуцца да нармальнага жыцця.