З'явілася відэа затрымання банкаўскага рабаўніка ў Магілёве

На відэа белы аўтамабіль, на якім уцякаў рабаўнік, пераследуюць два аўтамабілі з міліцыяй — адзін міліцэйскі, другі — «Шкода» цывільнай афарбоўкі.

mahiliou_2211.jpg

Відаць, што белы аўтамабіль са зламыснікам спыніўся, і мужчына сядае на месца кіроўцы. У момант, калі ён зачыніў дзверы, з ім параўняўся аўтамабіль міліцыі, а белая «Шкода» з міліцыянтамі падрэзала спераду. Пасля гэтага рабаўнік выскачыў з аўто і пабег наперад. У гэты момант адзін з міліцыянтаў закрычаў: «Зброя!» Пасля гэтага прагучала з дясятак стрэлаў.
Рабаўнік пабег наперад, за ім пачалася пагоня на двух аўто. «Шкода» нагнала яго і падбіла, ад чаго мужчына зваліўся на зямлю.
Пасля ён падняўся, стрэліў у міліцэйскае аўто і пачаў уцякаць. У гэты момант пачалася перастрэлка.
Сам момант затрымання на відэа не трапіў.
Усяго менш чым за хвіліну чуваць да 30 стрэлаў.
Як паведамлялася раней, 20 лістапада мужчына з пісталетам зайшоў у банк на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве і спрабаваў абрабаваць яго. Калі да будынка прыбылі праваахоўнікі, нападнік узяў пяць закладнікаў і запатрабаваў аўтамабіль. На аўто з міліцыянтам, які пайшоў у закладнікі, ён паспрабаваў з'ехаць з Магілёва, але быў затрыманы. Падчас затрымання адбылася перастрэлка паміж зламысніка і міліцыянтамі. Нападнік быў паранены ў нагу. Іншых пацярпелых пры інцыдэнце няма.
Паведамлялася, што нападнік — 28-гадовы грамадзянін Расіі, які толькі ў верасні 2017 года атрымаў від на жыхарства ў Беларусі.  


Паводле euroradio.fm