Вызвалены з-пад варты яшчэ адзін фігурант справы антыфашыстаў — Філіп Іваноў
Фігуранта так званай справы антыфашыстаў Філіпа Іванова вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
«Чарговыя добрыя навіны: на волю пад падпіску аб нявыездзе выйшаў Філіп Іваноў. Але за кратамі застаюцца 2 нашых паплечніка. Спадзяемся, мы хутка ўбачым таксама і іх на волі», — паведаміла сёння суполка «Наша справа» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».
Яшчэ адзін фігурант крымінальнай справы Зміцер Цэхановіч быў вызвалены з СІЗА на мінулым тыдні. За кратамі цяпер застаюцца Ілля Валавік і Вадзім Бойка — яны знаходзяцца пад вартай ужо 4 месяцы.
Раней нефармальны рух беларускіх антыфашыстаў распаўсюдзіў у сацсетках заяву, дзе крымінальная справа супраць Валавіка, Бойкі, Цэхановіча і Іванова называецца «палітычна матываванай і празмерна раздзьмутай».
Падставай дла крымінальнага пераследу антыфашыстаў стала бойка ў тралейбусе 29 чэрвеня 2014 году на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава ў Менску. Тады, сярод іншага, пабілі шкло. У бойцы ўдзельнічалі прадстаўнікі дзвюх фанацкіх груповак, якія ўмоўна лічацца ўльтраправымі і антыфашыстамі. Улетку 2014 году было затрымана 5 чалавек, якія падазраваліся ў прычыненні матэрыяльнай шкоды «Мінсктрансу», аднак хутка ўсіх пяцёх адпусцілі на волю. І амаль праз два гады ў справе з’явіўся пацярпелы (які сам быў затрыманы за наркотыкі), на падставе заявы якога Бойку і Валавіку прад’явілі абвінавачанне па частцы 3 артыкула 339 КК РБ («Асабліва злоснае хуліганства»). Пазней арыштавалі Цэхановіча і Іванова.
16 жніўня на форуме «Свабоду палітзняволеным» у Менску шэраг грамадзкіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычных партыяў прызналі Валавіка, Бойку, Іванова і Цэхановіча палітвязнямі.
Між тым праваабарончая супольнасць Беларусі пакуль не бачыць ніякіх падстаў, каб называць «справу антыфашыстаў» палітычнай.
Паводле svaboda.org