«Вышпурнулі, і ўсё». Сям’і салдата, які памёр ад раку, не хочуць плаціць кампенсацыю

Сям’я нябожчыка Міхала Рыштоўскага, якога камісавалі з войска з чацвёртай стадыяй анкалогіі, спрабуе атрымаць кампенсацыю за смерць сваяка. Аднак страхавая кампанія адмаўляе, бо хлопец памёр дома, а не ў войску. Пра гэта піша Радыё Свабода

Міхал Рыштоўскі, фота з прыняцьця прысягі

Міхал Рыштоўскі, фота з прыняцьця прысягі

Белдзяржстрах: «Смерць не звязаная з выкананнем вайсковай службы»

Міхал Рыштоўскі з вёскі Трашчы́чы Карэліцкага раёну на Гарадзеншчыне служыў у Слоніме каля году. Яго камісавалі сёлета ў траўні з 4-й стадыяй раку страўніка. У ліпені ён памёр. Пасля смерці важыў 45 кілаграмаў.
У войску Міхаіл не раз скардзіўся на болі, ня мог есці. Аднак, па словах ягонай сястры Марыі Грыцкевіч, яго падазравалі ў тым, што ён «косіць», і давалі таблеткі ад болю страўніка, замест таго каб абследаваць.
Страхавая кампанія адмовіла сям’і Рыштоўскага ў кампенсацыі. Спачатку казалі, што чакаюць вынікаў экспертызы, якая павінна высветліць калі і ад чаго захварэў Рыштоўскі. Аднак потым, не дачакаўшыся іх, прыслалі адмову ў кампенсацыі.

Адказ з Белдзяржстраху

Адказ з Белдзяржстраху

У адказе гаворыцца, што страхавым выпадкам з'яўляецца, сярод іншага, «смерць застрахаванай асобы, якая наступіла ў выніку прычынення шкоды яе жыццю або здароўю ў сувязі з выкананнем ёю абавязкаў вайсковай службы,...якая наступіла цягам аднаго году пасля звальнення яе з вайсковай службы».
Да таго ж ліст пацвярджае, што хвароба была атрыманая падчас вайсковай службы. Аднак, як значыцца ў адказе, «смерць Рыштоўскага не звязаная з выкананнем вайсковай службы».
Марыя Грыцкевіч мела тэлефонную гутарку з вайскова-лекарскай камісіяй. Там прычынай адмовы назвалі тое, што Рыштоўскі памёр дома, а ня ў войску.
«Тады ніхто па такой схеме не атрымае выплат. Даведаліся аб хваробе, вышпурнулі – і ўсё. Яны ж бы яго не пакінулі, каб ён там паміраў... Цэлы год звяртаўся [да лекараў]. Чаму было не зрэагаваць загадзя? Ці ж гэта не падазрона, калі чалавек цэлы год звяртаецца штотыдзень са скаргамі? Калі б ён атрымаў нейкую траўму, то гэта падыходзіць, а тое, што цэлы год мучыўся, ня еў нічога, паміраў цэлымі днямі, гэта ня лічыцца», – абураецца Марыя Грыцкевіч.
Страхавая выплата – гэта мінімум, што для сям’і можа зрабіць дзяржава, мяркуе жанчына.
«У нас чалавека забралі. Чаму дзяржава ня можа выдаць гэтыя грошы, калі па законе яны належацца?» – пытаецца яна.
Сям’я будзе абскарджваць рашэнне страхавой кампаніі ў цэнтральны апарат Белдзяржстраху, а потым у Адміністрацыю прэзідэнта.
Вынікаў экспертызы дагэтуль няма.Крымінальную справу ў звязку са смерцю Міхала Рыштоўскага не заводзілі. Адпаведна, сваякі не прызнаныя пацярпелымі і ня могуць ведаць, як ідзе даследчая праверка.

Адказ Следчага камітэту

Адказ Следчага камітэту

Спецыяліст ваенкамату па Карэліцкім раёне Канстанцін Зарубайка, якога сям’я вінаваціць у тым, што ён прымусіў хворага хлопца ісці ў армію, пайшоў на пэнсію.

Юрыст: адказ страхавой кампаніі расплывісты і супярэчлівы

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак таксама сцвярджае, што сям’і Рыштоўскага належыцца выплата згодна з законам «Аб статусе ваеннаслужачага» і Палажэннем аб парадку і ўмовах выплаты страхавых сум па абавязковым дзяржаўным страхаванні ваеннаслужачым.
На ягоную думку, фармулёўка адказу са страхавой кампаніі расплывістая, першы аркуш супярэчыць другому.
«Для нас адназначна, што чалавек атрымаў хваробу ў войску. Ёсць вайскова-лекарская камісія, якая знайшла гэтую хваробу, прызнала і сцвердзіла, што ён ня можа служыць з гэтым. Яны напісалі: «Тэрмінова камісаваць«. Тое, што не пры выкананні службовых абавязкаў – а што ён у войску рабіў? На страявую хадзіў, у вайсковай частцы служыў», – разважае Воўчак.
Ён мяркуе, што такі выпадак, калі салдат памёр, а сям’я ня можа атрымаць нават кампенсацыю, стварае адмоўны імідж беларускаму войску.