Восем год змагання за зямлю
З 2006 года жыхар Свіслачы спрабуе вярнуць зямлю, захопленую суседкай. За гэты час Валерый Матэйка абышоў усе інстанцыі — ад раённага суда і пракуратуры да Вярхоўнага суда і Адміністрацыі прэзідэнта...
Алег Волчак і Валерый Матэйка
Сляпая Феміда?
Як расказаў «Новаму Часу» Валерый Матэйка, у 2000 годзе ён вырашыў пераехаць з вёскі Празднікі (Свіслацкі раён) у Свіслач — набыў там кавалак зямлі ў цэнтры горада. У 2006 годзе мужчына пачаў будаваць новы дом замест старога знесенага, таму купіў будаўнічыя блокі, якія пакінуў захоўвацца на сваім участку. А праз некалькі дзён заўважыў, што суседка раптоўна перанесла свой плот, адрэзаўшы паўтары соткі ад яго ўчастку.
Менавіта за гэтую зямлю ўжо каторы год і вядуцца спрэчкі. З аднаго боку, кавалак не такі і вялікі, але калі ўлічыць, што агульная плошча ўчастка Валерыя складала ўсяго 5,5 сотак (для параўнання, у суседкі — 8 сотак) — страты істотныя.
Валерый Матэйка падаў позву ў суд з просьбаю прымусіць суседку вярнуць адабраныя метры, мясцовы выканкам падтрымаў яго пазіцыю, аднак суд нечакана прыняў бок суседкі. Больш за тое — прызнаў дакументы на зямлю, выдадзеныя Валерыю чыноўнікамі, нядзейснымі!
«У судзе высветлілася, што ў суседкі наогул няма ніякіх праваўсталёўваючых дакументаў на яе ўчастак. То бок, у мяне ёсць афіцыйны акт на зямлю, выдадзены выканкамам у 2000 годзе, з акрэсленымі межамі ўчастка, у яе ёсць толькі рашэнне Свіслацкага раённага савета дэпутатаў за 1957 год пра выдачу яе мужу васьмі сотак зямлі — і суд прымае яе бок! Не толькі прымае, але і дае прадпісанне выканкаму прызнаць выдадзеныя мне дакументы на зямлю нядзейснымі з-за таго, што ў іх, быццам бы, няправільна ўказаны памеры майго ўчастку. Гэта проста жахліва!» — абураецца Валерый, паказваючы агромністы стос дакументаў з судовых пасяджэнняў і перапіску з чыноўнікамі.
Наяўнасць сведак, якія распавялі ў судзе, што раней плот сапраўды стаяў у іншым месцы, не паўплывала на рашэнне суддзі — суседка Валерыя Матэйкі прывяла сведак са свайго боку, якія расказалі адваротнае, і суд прыняў да ведама толькі іх словы.
Валерый Матэйка расказаў, што суседка сама распісвалася ў дакуменце, што азнаёмлена і згодна з межамі суседскага ўчастка. У судзе ж жанчына спаслалася на свой сталы ўзрост і заявіла, што тады яе ўвялі ў зман. Заўважым, што ні ўзрост, ні юрыдычная бяспечнасць пенсіянеркі не перашкодзілі жанчыне наняць адваката і падаць зваротную позву на Матэйку з просьбаю прызнаць яго дакументы на зямлю нядзейснымі.
Як распавёў мужчына, па просьбе суда двойчы праводзіліся экспертызы, якія мусілі дакладна вызначыць межы ўчастка. Першая экспертыза, якая праводзілася лазерным дальнамерам, паказала, што каардынаты, указаныя ў яго дакументах на зямлю, правільныя. Паўторную экспертызу праводзілі звычайнаю рулеткай — і на гэты раз было прынята рашэнне, што спрэчныя метры належаць суседцы, а мяжу паміж двума ўчасткамі праклалі прама праз сарай Матэйкі.
Валерый Матэйка
Валерый Матэйка не можа зразумець, чаму суды ды іншыя дзяржаўныя інстанцыі прымаюць бок суседкі, і мяркуе, што прычынай могуць быць нейкія фальсіфікацыі з дакументамі.
Мужчына не выключае, што на рашэнне суддзі магло паўплываць і тое, што яго суседка і сведкі з яе боку — карэнныя жыхары Свіслачы, у той час як ён, паляк па нацыянальнасці, прыезджы — дагэтуль працаваў на Ігналінскай АЭС.
Зараз Валерый Матэйка працягвае прыязджаць на ўчастак, аднак будаўнічыя працы прыпыніў: «З-за таго, што дзяржаўны акт прызналі нядзейсным, зараз я ніяк не магу выкарыстоўваць зямлю ці далей будаваць дом — дарэчы, свайго жытла ў мяне няма. У крайнім выпадку, калі далейшыя абскарджванні судовых рашэнняў будуць не на маю карысць, буду патрабаваць вярнуць мне грошы за ўчастак у цэнтры гораду па цяперашніх расцэнках і сродкі, якія я патраціў на будаўнічыя матэрыялы і будаўніцтва «каробкі» дома».
Ці дапаможа Прэзідыум Вярхоўнага Суда?
Страціўшы надзею самастойна дамагчыся вяртання зямлі, Валерый Матэйка звярнуўся ў цэнтр «Прававая абарона насельніцтва», юрысты якога дапамаглі мужчыну скласці позву ў Прэзідыум Вярхоўнага Суда Беларусі. Кіраўнік праваабарончага цэнтра, юрыст Алег Воўчак лічыць, што падобныя гісторыі дыскрэдытуюць дзяржаўныя органы:
«Суд паставіў пад сумнеў рашэнне выканкама. Дык што, атрымоўваецца, выканкам дзейнічаў неправамоцна, калі ў 2000 годзе выдаваў дзяржаўны акт? Тут жа і выканкам, і натарыус, і «Белдзяржпраект» ды іншыя арганізацыі задзейнічаны — іх дзеянні ставяцца пад сумнеў? Тады трэба ўзбуджаць крымінальныя справы супраць іх, калі яны нешта парушылі, зрабілі фальсіфікацыю ці падлог дакументаў. Аналагічныя гісторыі часта сустракаюцца ў Беларусі, зараз мы паралельна працуем над іншай падобнай справай у Оршы. Трэба весці гаворку пра тое, што практычна немагчыма ўздзейнічаць на суддзяў, да якіх, максімум, ужываецца дысцыплінарная адказнасць. Мы пішам скаргі — нам адказваюць, маўляў, суддзя прыняў рашэнне паводле ўнутраных перакананняў. Прабачце, але бачная прамая фальсіфікацыя справы, дык якія тут могуць быць унутраныя перакананні? Тут альбо непрафесіяналізм, альбо карупцыя — трэцяга не дадзена. У дадзеным выпадку я мяркую, адбываецца спроба прыкрыць незаконныя дакументы».
Алег Воўчак спадзяецца на станоўчы вынік разгляду справы Матэйкі ў Прэзідыуме Вярхоўнага Суда: «Па-першае, перад новым судовым паседжаннем паспрабуем арганізаваць сустрэчу Валерыя Матэйкі са старшынёй суда, Валянцінам Сукалам. Па-другое, Вярхоўны Суд павінен разумець, што раней прынятае рашэнне — гэта не рашэнне… Суду трэба тэрмінова ўмешвацца ў гэтую сітуацыю, бо адбываецца поўная дыскрэдытацыя дзяржаўных і судовых органаў».
Вярхоўны Суд павінен вызначыць дату чарговага судовага паседжання цягам двух месяцаў. Наша газета будзе сачыць за гэтай гісторыяй.