«Вясна» просіць спецдакладчыка Дэвіда Кайе заступіцца за Віку Біран

Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся да спецыяльнага дакладчыка Савета па правах чалавека ААН Дэвіда Кайе з просьбай ўступіць у камунікацыю з беларускімі ўладамі і заклікаць іх спыніць пераслед ЛГБТК+актывісткі Вікторыі Біран.

vika_biran_2_1.jpg


Дэвід Кайе з'яўляецца спецдакладчыкам Савета па правах чалавека ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне.
Віка Біран пераследуецца беларускімі ўладамі за выказванне ёю сваёй грамадзянскай пазіцыі да гамафобнага артыкула, размешчанага на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

У сваім звароце праваабаронцы апісалі ход падзей, пачынаючы ад 17 траўня, калі на амбасадзе Вялікабрытаніі быў вывешаны вясёлкавы сцяг у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, да 30 ліпеня, калі суд Ленінскага раёна Мінска спыніў адміністрацыйную справу супраць Вікі Біран за фотаздымак, зроблены 24 траўня на фоне будынку КДБ, з прычыны заканчэння тэрмінаў даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Штраф 15 базавых за фота, альбо чым займаюцца міліцыянты ў працоўны час


Асаблівую ўвагу сп. Дэвіда Кайе праваабаронцы звяртаюць на тое, што ў адміністрацыйных працэсах у судах Цэнтральнага і Маскоўскага раёна горада Мінска Вікторыя Біран патлумачыла, што ў пікетаванні не ўдзельнічала, а сфатаграфавалася з плакатам «Самі вы падробка» ў адказ на калонку, якая была размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў на тэму стаўлення да ЛГБТ-супольнасці. Дадзенае дзеянне Вікторыі Біран было абумоўлена жаданнем выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адказ на гамафобнае заяву Міністэрства ўнутраных спраў і атрымаць водгукі ў сацыяльнай сетцы «Facebook», дзе на персанальнай старонцы актывісткі і былі размешчаныя фотаздымкі на фоне будынкаў Дома ўрада і МУС.


Аднак, у абодвух выпадках беларускія суды кваліфікавалі фатаграфаванне Вікі Біран з плакатам як адзіночны пікет.
«У парушэнне часткі 3 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах суды Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў горада Мінска, якія падвергнулі Вікторыю Біран пераследу, не абгрунтавалі неабходных і дапушчальных абмежаванняў свабоднага выказвання меркавання. Суддзямі, якія разглядалі адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Вікторыі Біран, не ўстаноўлена, якім чынам фатаграфаванне з плакатам «Самі вы падробка» на фоне будынкаў Дома Урада і Міністэрства ўнутраных спраў несла пагрозу дзяржаўнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маралі насельніцтва», — падкрэсліваюць праваабаронцы ў звароце і просяць спецдакладчыка заклікаць беларускія ўлады спыніць пераслед актывісткі.

spring96.org