Вярнуцца на радзіму ці застацца ў іншай краіне? Што ўцекачы-беларусы адказалі сацыёлагам
Нават наконт пытання, вярнуцца ці застацца жыць у іншай краіне, беларусы падзяліліся пароўну.
Колькасць беларускіх эмігрантаў у Польшчы, якія жадаюць застацца ці вярнуцца на радзіму, аднолькавая, піша «Позірк».
Пра гэта са спасылкай на сацдаследаванне было заяўлена на панэльнай дыскусіі "Беларуская дыяспара новая і старая", арганізаванай даследчым цэнтрам Офіса Святланы Ціханоўскай.
94% беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, — палітычныя эмігранты, якія пакінулі радзіму "праз палітычныя прычыны і пачуццё глыбокай неабароненасці ў роднай краіне".
Планы і перспектывы вяртання мігрантаў у Беларусь з Польшчы выглядаюць няпэўна.
"Больш за палову апытаных (53%) не змаглі даць дакладнага адказу, 23% указалі, што плануюць вярнуцца, у той час як аналагічная па колькасці група (24%) заявіла, што ў іх няма такіх планаў", — гаворыцца ў даследаванні.
Даследаванне было арганізавана на анлайн-платформе. У ім узялі ўдзел 777 рэспандэнтаў у Польшчы і 335 — у Літве. Было праведзена таксама 26 глыбінных інтэрв'ю.