Вячка Станкевіч: Беларускаму маршу ў Вільні зайздросцілі і літоўцы, і палякі
На ўрачыстасцях пахавання Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–1864 гадоў у Вільні прысутнічалі сябры Рады БНР. Сярод іх — шматгадовы сябра Рады Вячка Станкевіч, сын славутага Янкі Станкевіча.
Вячка Станкевіч распавёў у размове з Радыё Рацыя пра пагрозы незалежнасці і Беларускі марш у Вільні.
— Мы размаўляем пасля знакавай падзеі — пахавання паўстанцаў праз 155 гадоў. Гэта знак часу.
— Людзі расказвалі, што доўгі час ведалі, дзе яны пахаваныя. Але проста не было магчымасці іх перапахаваць. А Беларускі марш. Людзі хіба рэдка такое бачылі. Сапраўды, колькі беларускіх сцягоў! Зайздросцілі і літоўцы, і палякі.
— Цэлае мора сцягоў. Мне казалі, што гэта была найбольшая патрыятычная дэманстрацыя ў Вільні за ўсю гісторыю.
— Выдатна. Для гэтага была добрая нагода.
— Бачу, што папаўняецца Рада БНР новымі асобамі, новай эміграцыяй.
— Так. Большасць маладых прыязджаюць з добрымі ведамі. Вельмі добра арыентуюцца ў інтэрнэце. А ў Каліфорніі кажуць, што сярод мігрантаў — беларусы на другім месцы па колькасці.
— Ці відавочная прыхільнасць да беларусаў у Злучаных Штатах?
— Напрыклад, у Дзярждэпартаменце з намі сустракаліся. Яшчэ ў часы Джорджа Буша быў Дэвід Крэмер. Надзвычай прыхільны чалавек. З ім заўсёды можна было спаткацца. Нават прыходзіў на іншыя мерапрыемствы, я памятаю, нешта грузінскае было, а ён з бел-чырвона-белай стужкай на руцэ.
Быў дыпламатам у Менску Джон Кунштатэр. Ён навучыўся размаўляць па-беларуску. І да гэтага часу, дзе ёсць нагода, выступае і гаворыць па-беларуску з такім амерыканскім акцэнтам. Зараз ён ужо не дыпламат. Ён фатограф. І ездзіць у Беларусь па некалькі разоў у год. І ў бальшыні стараецца фатаграфаваць святы, звычаі. Нават меў некалькі гадоў таму выставу ў ААН, дзе прадставіў беларускія абрады. Надзвычайны чалавек.
— Што вы думаеце пра 8-га снежня, калі маюць падпісаць інтэграцыйны дагавор? Ніхто не ведае падрабязнасцяў, але ёсць пагроза.
— Так, пагроза існуе. Год таму пачалася гэтая кампанія. Міністр замежных спраў Расиі Лаўроў ужо тады гаварыў так, быццам гэта ўжо завершаная справа. Яны ціснуць. Пакуль што Лукашэнка трымаецца за сваю ўласнасць, ваюе за яе. І навязвае лучнасць з Захадам, што добра. І яны яго лічаць незалежным ад Масквы, але не зусім усё разумеюць.
Гутарыў Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з YouTube