Віталь Гуркоў: «Дзеці ў прыстаўку ў Тайсана выйграюць — навошта ім займацца спортам?»

Пра што гавораць беларусам паняцці “фізкультура” і “здаровы лад жыцця”? Што сёння круцейшае: новы айфон або валоданне ўсходнімі адзінаборствамі? Ці фізкультурная нашая спартыўная дзяржава? Ці даступнае кожнаму захапленне спортам? Што рабіць, калі дзіця хоча займацца тэнісам, а ў яго бацькоў няма на тое грошай? А таксама чым адрозніваюцца тайландскія старыя ад нашых? У рамках праекта “Культура паляпшае жыццё!” — гутарка з дзесяціразовым чэмпіёнам па тайскім боксе Віталём Гурковым.



hurkou.jpg

— Паглядзіце, як шмат вакол маладых людзей, якія выглядаюць дрэнна і не на свой узрост: яны відавочна паляць, рэгулярна выпіваюць, сядзяць цэлымі днямі за кампутарам і не трымаюць у руках нічога, цяжэйшага за мышку. Вы можаце паспрабаваць пераканаць мяне, што гэта асаблівасці сучаснай культуры, але я лічу, што за гэтымі звыклымі штодзённымі дзеяннямі часцей стаяць лянота і эгаізм — а гэта хутчэй бескультур’е .

Можна сказаць, “герой нашага часу” драбнее: народ разгультаіўся, людзі замкнуліся на сваіх інтарэсах і слабасцях, не бачаць адзін аднаго, кожны сам за сябе — калі гэта і культура, то самага прымітыўнага ўзроўню.

— Ці прэстыжна сёння сярод беларусаў займацца спортам?

— Для людзей сёння важней і прэстыжней ні ў чым сабе не адмаўляць: ездзіць на добрай дарагой машыне, жыць бесклапотным жыццём і ўсяляк атрымліваць асалоду ад выгод цывілізацыі. Зрэшты, спорт — гэта быццам модна: у сацыяльных сетках пастаянна выкладваюць “музыку для трэніровак”, нейкія матывацыйны ролікі, праспартыўныя фатаграфіі. Але мне здаецца, не ўсе разумеюць, што музыку для трэніровак трэба не толькі слухаць, але яшчэ нешта пад яе рабіць. Успамінаючы сваё дзяцінства, я бачу гульню ў дваравы футбол, “казакоў-разбойнікаў”, хованкі — мы бегалі, скакалі, захапляліся моднымі відамі спорту, амаль кожны ўмеў за сябе пастаяць… А чым запомніцца сённяшнім дзецям іх дзяцінства?

— У нас варыянтаў іншага дзяцінства не было: скаканне праз гумкі або “казакі-разбойнікі”, калі маме не ўдалося дастаяцца ў краме за скруткам гумак.

— Згодны. Але цяпер, у часы разнастайных цацак і забаў, дзеці проста не выходзяць на вуліцу, сядзяць у кампутары — сябруюць, закохваюцца і нават сварацца адзін з адным праз манітор. Сапраўдную аплявуху ніхто не дасць, і аб спорце ў маладога пакалення часцяком фармуецца стэрэатып: “Навошта мне ісці на бокс? Я ў прыстаўку ў Тайсана выйграў, а ў вас я буду па галаве атрымліваць”.

—  Яны жывуць у зусім іншы час.

— Безумоўна, але гэта ніяк не апраўдвае іх у сітуацыі, калі круты айфон цалкам замяшчае ўнутраны свет чалавека. Хоць, напэўна, я крыху згушчаю фарбы, і ўсё не так дрэнна. У юным узросце, калі прыходзіць першае каханне, напэўна, кожнаму юнаку хочацца выглядаць рыцарам, моцным, рашучым, упэўненым у сабе, здольным пастаяць за сябе, за сваю дзяўчыну — і тут, я ўпэўнены, айфоны не моцна дапамогуць.

budzma.org__wp_content_gall_ecdddc4b4cd967197163c3d2541bb466.jpeg

— Але кампутары і айфоны — гэта ўжо неад’емныя дэталі сучаснага жыцця грамадства. Як сумясціць гэтыя каштоўнасці з разумнымі, добрымі, вечнымі?

— Я ведаю многіх людзей, у якіх пераважна сядзячы лад жыцця, але яны імкнуцца развівацца не толькі ў пытаннях уласнай камп’ютарызацыі. Сам па сабе інтэрнэт — не вораг, і пры жаданні кожны можа сумясціць сусветную сетку і заняткі спортам. Мне здаецца, так цікава даведацца, на што ты здольны, паспрабаваць справіцца з мінімальнымі складанасцямі, абмежаваннямі. І тут я маю на ўвазе не толькі выкананне фізічных практыкаванняў або бег па раніцах, а хаця б, для пачатку, спробу кінуць курыць і выпіваць.

— Для чаго чалавеку абмяжоўваць сябе, шукаць складанасцяў, дзеля чаго выходзіць з зоны камфорту?

— Добрае пытанне. Людзі ў сваёй большасці гультаяватыя, і яны выдатна ведаюць свае слабасці. Я перакананы, што больш карысна ведаць пра свае моцныя бакі: гэта тыя самыя веды, якія могуць натхніць развівацца далей, не спыняючыся на дасягнутым.

Фізкультура — гэта таксама культура, не толькі цягліцы і “сіла ёсць, розуму не трэба”. Культура — гэта веды, гэта рух, гэта намаганні. Культура прымушае чалавека думаць аб правільнасці напрамкаў сваіх дзеянняў. Змены вакол пачнуцца, калі кожны з нас зменіць нешта ўнутры сябе. Пачніце хаця б з фізкультуры! Гэта самы наглядны ўзор таго, пра што я кажу: расці ўверх, рабіцца больш культурным не магчыма без намаганняў. Усе ведаюць алімпійскі дэвіз: “Хутчэй, вышэй, мацней!” Але з латыні “сіла” можа перакладацца таксама як ўстойлівасць, адвага, унутраная сіла. Уявіце, у колькі разоў больш упэўненым і шчаслівым зробіцца чалавек, калі пачне, акрамя фізкультуры, практыкаваць іншыя культуры: як ён будзе стасавацца з навакольнымі, як будзе ставіцца да сваіх дзяцей, бацькоў, да людзей наогул? А цяпер уявіце сотні і тысячы такіх шчаслівых людзей.

Фізкультура развівае не толькі цела чалавека, яна вучыць, як змагацца са сваімі страхамі і слабасцямі, як не спыняцца на дасягнутым, як лепш спазнаць сябе і навакольны свет. Фізкультура паляпшае стан нашага здароўя (і здароўя наступных пакаленняў): чалавек, які вядзе чысты і спартыўны лад жыцця, заўсёды пазітыўна настроены, ён спакойны і ўстойлівы да стрэсу, яго думкі ў парадку, ён жыццярадасны і ўпэўнены ў сабе.

— Яшчэ гадоў 20 таму ўсе ведалі Джэкі Чана, Марадону, Бруса Лі. На іх ішло раўненне моладзі. Відавочна, сёння ёсць нейкія іншыя куміры…

— Спорт такі ж важны, як і раней, але яму надаецца прыкметна менш увагі. Цяпер усе хочуць багатага бесклапотнага жыцця, а спорт — гэта заўсёды абмежаванне сябе, пастаянны дыялог з самім сабой, усвядомлены выклік сабе, навошта я штодня качаю прэс, чаму я бегаю (ці не бегаю) па раніцах, чаму я лёгка прапускаю трэніроўкі і т. д.

Што да герояў спорту, то Брус Лі — прыклад не зусім удалы: ён стаў вядомым ва ўсім свеце ў першую чаргу як кіназорка, а ўжо потым — як майстар усходніх адзінаборстваў. Пагадзіцеся, калі б ён не здымаўся ў свой час ​ у кіно, вы б яго цяпер не згадалі.

— Ці ёсць сёння крутыя спартсмены, пра якія ведае ўвесь свет?

— Заўсёды ёсць тыя, на каго можна раўняцца. З бокса магу назваць Пак’яа. У кожным відзе спорту ёсць такія волаты, якія здольныя натхніць людзей. І пра іх сёння гэтак жа здымаюць фільмы. Да прыкладу, “Легенда № 17” — вельмі добрае кіно пра хакей і пра яго герояў.

 

budzma.org__wp_content_gall_70af232f51e401a54b87df7b56752cfd.jpeg

— У нас вельмі актыўна гавораць пра спорт і мала — пра фізкультуру. Што для вас ўзор добрай рэкламы здаровага і спартыўнага ладу жыцця?

— Неяк ў Тайландзе, у Бангкоку (я там трэніраваўся доўгі час), я быў вельмі здзіўлены: у 6 гадзін раніцы мы беглі крос непадалёк ад Люмпіні-парка, і там я ўбачыў столькі людзей, колькі ў нас бывае хіба што на Дні горада. Праўда, нашы народныя навалы часцяком звязаныя з выпіўкай, шашлыкамі і пагляданнем па баках, а там раніцай натоўп людзей займаецца спортам: ёгай, гімнастыкай, аэробікай, хтосьці медытуе, хтосьці “пампуецца” на бясплатных трэнажорах, нехта танчыць ката з мячамі. Калі гарадскі парк на тваіх вачах ператвараецца ў адзін вялікі спартыўны комплекс, ад такога энтузіязму самому хочацца надзець шорты, красоўкі і далучыцца.

— У Люмпіні-парку ў асноўным моладзь займаецца?

— Не, там можна ўбачыць людзей любога ўзросту. Іх старыя мяне асабліва ўразілі. Скажыце, ці часта ў нас вы бачыце прыгожа апранутых пажылых людзей, якія развучваюць з інструктарам вальс на сцэне пасярод парка? Нашы адразу спыталі б нас: “А нафіга мне на старасці гадоў ваш вальс?” І мы б з вамі не ведалі, што ім адказаць…

Нашым бабулям падавай семкі, лавачку і суседку, каб абмеркаваць апошнія навіны. За маёй іроніяй хаваецца крыўда за нашых бабуль і дзядуляў, якія пражылі цяжкае жыццё, шмат працавалі, але так і не навучыліся любіць і шанаваць сябе, свой вольны час, клапаціцца пра сябе, пра сваё здароўе, у іх мала захапленняў і няма нават жадання нешта новае асвойваць, пазнаваць. Таму у 60 гадоў у іх танчаць вальс, а ў нас сядзяць каля акна і смерці чакаюць.

 

budzma.org__wp_content_gall_09a93fb866f32139f77e430871f6a348.jpeg

— Мы наўрад ці зможам асучасніць нашых старых, можа, мае сэнс пачаць з самых юных?

— Дапусцім, стаўленне нашых старых да жыцця мы ўжо не зменім, але нашае з вамі пакаленне здольнае падаць асабісты прыклад малодшаму пакаленню, усяляк заахвочваць цягу дзяцей да актыўнай фізічнай дзейнасці, да пазітыўнага мыслення, да здаровага ладу жыцця.

Для гэтага не абавязкова адразу аддаваць дзіця ў алімпійскія віды спорту (напрыклад, тэніс і хакей) з дарагой экіпіроўкай, са строгім раскладам, цяжкімі нагрузкамі. Для фізічнага развіцця і здароўя падыдзе і прабежка, і гімнастыка на турніку, розныя комплексы практыкаванняў, якія лёгка можна знайсці ў інтэрнэце. Важней падтрымаць дзіцячаю цікавасць да чагосьці аднаго, чым запісаць дзіця адразу ў тры гурткі.

А калі дзіця хоча ў тэніс, а ў яго бацькоў няма на тое грошай?

— На нейкім этапе не трэба нічога плаціць. Паверце, у многіх відах спорту цяпер дзіця возьмуць, толькі б яно прыйшло. У некаторых СДЮШАР бывае недабор, таму няма праблемы пайсці займацца тэнісам ці конным спортам. Але я разумею, пра што вы мяне пытаецеся. Спартыўны маркетынг ніхто не адмяняў — ёсць віды спорту, на якіх зарабляюцца вялікія грошы. Паспрабуй купі гэтую хакейную экіпіроўку, штогод яе абнаві… Аднак усё роўна я не думаю, што хакеем займаюцца выключна дзеці з багатых сем’яў. Заўсёды ёсць варыянт бэушнай формы — было б жаданне займацца тым ці іншым відам спорту.

У бацькоў можа не быць грошай, але яны заўсёды могуць дапамагчы свайму дзіцяці зразумець, чаго яно хоча, чаму выбірае менавіта гэты від спорту? Важна і сабе задаваць такія пытанні: для чаго мы нешта робім і куды ідзем?

— А для чаго жывяце вы? У вас ёсць адказ на гэтае няпростае пытанне?

— Я думаю, што ў мяне, як і ў вас, ёсць нейкая свая місія. Я ўвесь час пра гэта думаю. Для таго, напэўна, каб змагацца са сваімі слабасцямі, рабіцца лепшым. Калі б усе мы час ад часу не замыкаліся на матэрыяльным, а гравіравалі сябе, як алмаз або крышталь, з усіх бакоў — фізічнага і духоўнага, — магчыма, мы б інакш ставіліся да жыцця і яго каштоўнасцяў. Важна вызначыць, як ты жывеш, у якой прасторы — ушыркі або ўверх. Ушыркі — гэта калі чалавеку найбольш важны яго матэрыяльны свет: кватэра, машына, айфон, прычым апошняга пакалення, заўважце. Але ж не забярэш ты гэта з сабой на той свет! І больш добрым, шчаслівым, уважлівым цябе гэтыя рэчы таксама не зробяць. А ўверх расці — гэта калі ты думаеш пра тое, навошта жывеш, чаго добрага зрабіў. Вельмі хацелася б думаць, што асабіста я жыву ўверх.

Ганна Трубачова, Наталля Гузель
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва “Таранціны і сыны”)

budzma.org