«Вінаватым сябе не прызнаў». Маладзечанцу прысудзілі тры гады калоніі за каментары
Мінскі абласны суд у закрытым пасяджэнні вынес абвінаваўчы прысуд жыхару Маладзечна Сяргею Алексяеўскаму, абвінавачанаму ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і абразе прэзідэнта і прадстаўнікоў улады.
Справу разглядала суддзя Алена Міснік, паведамляюць праваабаронцы.
Алексяеўскага затрымалі 1 кастрычніка 2021 года і да суда
ўтрымлівалі ў следчай турме №8 Жодзіна.
Па матэрыялах абвінавачання, палітзняволены Сяргей
Алексяеўскі, з чэрвеня 2020 года па верасень 2021 года з дапамогай электронных прылад «размясціў у розных
агульнадаступных групах сацыяльнай сеткі «Вконтакте» каментары,
накіраваныя на стварэнне ў аўдыторыі ілжывага ўяўлення аб нелегітымнасці
дзеянняў праваахоўнага блока пры выкананні службовых абавязкаў, узбуджэнне нянавісці,
сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце прыналежнасці да прафесіі».
Ён жа ў названай сацыяльнай сетцы публічна абразіў Лукашэнку і іншых прадстаўнікоў улады. Усе гэтыя каментары
былі пакінутыя пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя
Федасюка і ІТ-спецыяліста
Андрэя Зельцэра.
Падчас папярэдняга следства і ў судовым пасяджэнні
Алексяеўскі вінаватым сябе не прызнаў.
Судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда 13 ліпеня вынесла абвінаваўчы прысуд —тры гады калоніі агульнага рэжыму са штрафам у 100 базавых велічынь.
20 чэрвеня 2022 года КДБ унёс Сяргея Алексяеўскага ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».