Віктар Бабарыка выкліканы ў суд над сынам у якасці сведкі

У Мінскім абласным судзе працягваецца слуханне па крымінальнай справе Эдуарда Бабарыкі. Некаторыя падрабязнасці распавядае са спасылкай на прапагандысцкія СМІ «Н*ша Ніва».

Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі

Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі

Суд па справе Эдуарда Бабарыкі пачаўся 22 мая. Тады стала вядома, што паводле дзяржабвінавачання, Эдуард Бабарыка «аказваў садзейнічанне Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў».

«Эдуард Бабарыка дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады», — сказаў пракурор. 

Сёння на судзе Эдуард Бабарыка заявіў хадайніцтва аб выкліку Сяргея Ціханоўскага ў суд у якасці сведкі і допыце яго ў частцы высвятлення абставін іх знаёмства.

Раней Эдуард казаў, што сустрэўся ўпершыню з Ціханоўскім толькі на круглым стале ў СІЗА КДБ, арганізаваным для сустрэчы з Лукашэнкам, таму не мог быць памагатым Ціханоўскага.

«Аднак, так як гэта асоба не ўключана ў спіс сведкаў, якія падлягаюць выкліку, суд параіўся і прыняў рашэнне адмовіць у гэтым хадайніцтве», — піша прапагандысцкая «Мінская праўда».

Акрамя таго, Эдуард Бабарыка хадайнічаў аб выкліку свайго бацькі — Віктара Бабарыкі — для дачы тлумачэнняў адносна падораных яму, як сыну, грошай.

Дзяржабвінаваўца на гэта адказаў, што Віктар Бабарыка ўжо ўключаны ў гэты спіс асоб.

Такім чынам, у судзе, нарэшце, можна будзе пабачыць палітыка, пра якога нічога не вядома больш за месяц.

Як піша лукашэнкаўскае выданне, адвакат Эдуарда хацела выклікаць у суд сведку — бухгалтара, якая вяла бухгалтарскі ўлік у ТАА «Хайв Проджэкт». 25 мая яна ў электроннай перапісцы паведаміла абаронцу, што не можа з'явіцца ў Мінскі абласны суд, бо знаходзіцца за мяжой. На думку адваката, менавіта гэтая жанчына выступала фактычным кіраўніком «Хайв Проджэкт», перадае «Мінская праўда». Адвакат лічыць, што былы бухгалтар «Хайв Проджэкт» можа знаходзіцца ў Беларусі.

Пракурор таксама папрасіў прыняць меры да выкліку гэтай сведкі.

Пасяджэнне закрывалі

Частка справы, якая тычылася Сяргея Ціханоўскага, разглядалася сёння ў закрытым рэжыме, бо сама справа Ціханоўскага менавіта так разглядалася.

Таксама сёння на судзе апытвалі сведку Юрыя (называецца толькі яго імя). Ён размяшчаў на пляцоўцы MolaMola інфармацыю аб зборы грошай сабе на аплату штрафу за адміністрацыйнае правапарушэнне, бо быў прыцягнуты да адказнасці ў 2020 годзе падчас пратэстаў у Мінску. З Эдуардам Бабарыкам ён асабіста не знаёмы. Юры распавёў, што быў адлічаны з універсітэта ў сувязі з усімі гэтымі падзеямі і страціў любімую працу. Правёў трое сутак на Акрэсціна.

— Знаёмы, з якім мы мелі зносіны трошкі пасля гэтага, наколькі я ведаю, збіраў грошы сабе на штраф. Яму патрэбна была сума значна большая. Мы спісаліся ў сацсетках, я хацеў даведацца, што чуваць, і ён мне парэкамендаваў на гэтай пляцоўцы сабраць грошы самому. Я паспрабаваў, атрымалася, — перадае словы сведкі выданне.

Эдуард Бабарыка, паводле выдання, адказаў, што не ведае нічога пра тое, што пляцоўка выкарыстоўвалася ў такіх мэтах.

Паводле яго слоў, ён не ведае і каардынатара кампаніі BYCOVID19 Андрэя Стрыжака, хаця яго праекты таксама размяшчаліся на рэсурсе.

Судовае пасяджэнне працягнецца 7 чэрвеня.