Віцяблянка стала абвінавачанай у крымінальнай справе праз кароткі каментар у сеціве
У Віцебску адбыўся разгляд крымінальнай справы за «публічную абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), піша Свабода.
На лаве падсудных апынулася 51-гадовая Вера Струніна, якая працуе вахцёркай у віцебскім інтэрнаце — яна размясціла кароткі каментар на адрас віцебскага міліцыянта Віталя Шнявіна, які ўжо звольніўся з міліцыі і цяпер знаходзіцца за мяжой.
Каментар яна пакінула ў Інстаграме пад фотаздымкам, на якім міліцыянт распыляе слезацечны газ на грамадзян. Гэты запіс і негатыўныя каментары пад ім убачыла 34-гадовая хатняя гаспадыня Наталля Селюкова — яна звярнулася ў міліцыю з просьбай «даць ім прававую ацэнку». Вера Струніна запэўнівала на судзе, што ў яе ёсць доказы таго, што сведка добра ведае сяржанта Шнявіна, але суддзя Дзяніс Аляксеенка не прыняў гэта пад увагу.
У выніку жанчыну асудзілі на 1,5 года «хіміі». Таксама Вера Струніна мусіць выплаціць пацярпеламу 500 рублёў кампенсацыі. Мабільны тэлефон «Самсунг», за які яшчэ не выплачаная растэрміноўка, канфіскаваны.