«Вельмі жорстка ў яго па рэжыму»: Палітвязень з суседняй з Ціханоўскім камеры расказаў пра Сяргея

Сяргей Ціханоўскі і ў турме змагаецца за свае правы. Глеб Гатоўка правёў 2 гады і 4 месяцы ў жодзінскай турме. Былы палітзняволены кажа, што ягоная камера была побач з камерай палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага.

Глеб Гатоўка

Глеб Гатоўка

 У інтэрв’ю «Свабодзе» Глеб распавёў, якім бачыў вядомага палітзняволенага і што чуў ад яго.

«На момант таго, як я вызваляўся — якраз гэта быў Дзень Волі (25 сакавіка 2024 году), — ён [Сяргей Ціханоўскі] знаходзіўся па суседстве», — узгадвае Глеб.

Праз кепскую ізаляцыю ён чуў некаторыя размовы адміністрацыі з самім Сяргеем, для якога ў жодзінскай турме створаныя адмысловыя ўмовы: яму не аддаюць лісты, бандэролі і не даюць нават паперы.

«І вось я чуў, як ён з імі размаўляў.

— Мне прыйшла там бандэроль ці... так, бандэроль, здаецца, дзе мае рэчы?

— Яны на складзе, пішыце заяву.

— У мяне няма паперы напісаць заяву. І наогул нідзе не рэгляментавана, што заява павінна быць у нейкім пісьмовым выглядзе, я вам вусна кажу на камеру».

Па словах Глеба, Сяргей сядзіць адзін у 4-меснай камеры ў 1-м корпусе.

«Вельмі жорстка ў яго па рэжыму. Увесь графік дня, любыя стандарты адзення, усё рэгляментавана, і не дай Бог ён там нешта парушыць — адразу ў ізалятар. То-бок кожны дзень галіцца там, хутчэй за ўсё, будзе трэба. То-бок каб усё чыста. Ён там кожны дзень прыбірае, — расказвае Глеб Гатоўка. — І нават не тое, што прапісана. Калі нейкі чалец адміністрацыі захоча яго неяк патурбаваць, сказаць: ідзі прыбірайся, — слова ёсць закон. І нават калі гэта ніяк не прапісана, калі ён гэтага не зробіць, то знойдуць сто іншых прычынаў, каб напісаць на яго рапарт і зноў закрыць у ізалятар. Таму ўсё, што яму кажуць, ён стараецца выконваць».

Глеб Гатоўка кажа, што перыядычна Сяргей трапляе ў ізалятары — адзіночныя камеры:

«Першы час, калі ён толькі прыехаў у турму, ён вельмі часта там быў, да таго, як на яго завялі крымінальную справу і асудзілі паводле 411 артыкула. Ну, цяпер трошкі радзей яго саджаюць у ізалятар. Але таксама, напэўна, раз на два месяцы стандартна ездзіць так. Там змрачней, умовы трошкі горшыя. Там бетон, там неяк усё змрочна, пашарпана ў 4-м корпусе. І, думаю, там яму цяжэй сядзець».

Глядзіце таксама

Больш за год ад Ціханоўскага няма ніякай інфармацыі. Глеб лічыць, што такі вакуум ствараецца адмыслова, каб у палітвязня не было ніякіх кантактаў са светам, адзначае «Люстэрка».

Так, у пэўны час нават з'явілася інфармацыя пра нібыта смерць Ціханоўскага. Гэта, на думку Глеб Гатоўкі, было зроблена з мэтай праверкі рэакцыі грамадства. Падобныя чуткі з'явіліся і ў самой калоніі, пра іх зняволеныя даведаліся са сваіх крыніц.

У цэлым жа перадача на свабоду інфармацыі аб Ціханоўскім пачала блакавацца пасля таго, як яго асудзілі паўторна па артыкуле 411. Гэта здарылася ў лютым 2023 года, калі Сяргея Ціханоўскага асудзілі па ч.2 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» і ў дадатак да 18 гадоў калоніі яшчэ дадалі паўтара года зняволення. Як прыгадвае Глеб, прыблізна ў той час адзін са зняволеных напісаў сваякам на волю ліст, у якім згадаў пра Ціханоўскага. Гэты ліст не выпусцілі, а самога зняволенага выклікаў аператыўнік.

«Быў аператыўнік адзін, ён прагаварыўся. Калі адзін зняволены напісаў у лісце нешта пра Ціханоўскага, гэты ліст яму вярнулі, выклікалі ў кабінет, і аператыўнік тады сказаў, што гэтую інфармацыю пакуль рана ведаць людзям», — распавёў Глеб.

Гэта значыць, тлумачыць былы палітвязень, было нейкае рашэнне ці нейкі план цалкам ізаляваць Ціханоўскага ад вольнага свету, каб ніякай інфармацыі ад яго не паступала на волю, у тым ліку ад іншых палітвязняў.

Сам Ціханоўскі таксама не атрымлівае лістоў і не ходзіць на званкі. І такія рашэнні, хутчэй за ўсё, спускаліся зверху, бо ўнутры ў адміністрацыі турмы такіх кампетэнцый, на думку Глеба, няма.

Нягледзячы на створаныя ўмовы, Сяргей Ціханоўскі і ў турме спрабуе адстойваць свае правы.

«Спрачаецца ён нармальна як бы. Трымае планку. Адно што ён вельмі схуднеў. Я яго бачыў у калідорах, калі яго выводзілі на прагулку, і я б яго не пазнаў. Я яго бачыў на відэа, калі ён свой канал вёў, калі яшчэ на волі быў, ён быў такі поўненькі, наедзены, а цяпер ён моцна схуднеў».

Глеб распавёў, што ў Ціханоўскага няма і так званай атаваркі, як у кожнага зняволенага, які мае права на 1 базавую велічыню (сёння яна роўная 40 рублям) раз на месяц нешта купіць у турэмнай краме: салаты, крабавыя палачкі ці нешта іншае. У Ціханоўскага няма і гэтага, ён цалкам знаходзіцца на казённым харчаванні, а яго, як адзначае Глеб, недастаткова для таго, каб быць у адэкватнай форме.

Глядзіце таксама

Aўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі, муж цяперашняй апазіцыйнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, быў арыштаваны 29 траўня 2020 году ў Горадні ў выніку правакацыі. Ён збіраўся балавацца ў прэзідэнты на выбарах 2020 году. 14 снежня 2021 году ў закрытым судзе Ціханоўскаму далі 18 гадоў турмы. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні варожасці, перашкодзе працы ЦВК.

У лютым 2023 году Ціханоўскага асудзілі яшчэ на 1,5 года турмы нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі.

Паводле www.svaboda.orgnews.zerkalo.io