Васіль Парфянкоў можа зноў апынуцца за кратамі
30 чэрвеня мінае тэрмін прэвентыўнага нагляду, прызначаны ўдзельніку падзей 19 снежня 2010 года Васілю Парфянкову. Аднак, як стала вядома напярэдадні, у дачыненні да маладога чалавека распачата чарговая крымінальная справа.

Парфянкоў быў першым, каго асудзілі па справе аб падзеях19 снежня. У лютым 2011 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Акрамя таго, Парфянкоў павінен быў выплаціць больш як 14 млн. рублёў за разбітае шкло дзвярэй у Доме ўрада падчас несанкцыянаванай акцыі апазіцыі. У жніўні 2011 года Парфянкоў быў памілаваны ўказам прэзідэнта.
5 студзеня 2012 года за ім устанавілі прафілактычны нагляд, а ў красавіку Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска распачаў у дачыненні да Парфянкова другую крымінальную справу
— за парушэнне ўмоў прафілактычнага нагляду. У маі суд Першамайскага раёна прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду і прыгаварыў да шасці месяцаў арышту. У
жніўні 2012 года асуджанага этапавалі ў арыштны дом у Баранавічы, дзе ён адбываў пакаранне.
У пачатку лютага гэтага года Парфянкоў выйшаў на волю. Ён заявіў, што мае намер працягваць грамадскую дзейнасць, "падтрымліваць беларускі рух". У красавіку суд Першамайскага раёна
Мінска аштрафаваў яго на восем базавых велічынь за парушэнне рэжыму прэвентыўнага нагляду. 17 мая гэты ж суд зноў асудзіў Парфянкова за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду, аштрафаваўшы яго на тры
мільёны рублёў.
Днямі актывіста выклікалі ў Першамайскае РУУС, дзе паведамілі, што ў дачыненні да яго распачата чарговая — трэцяя — крымінальная справа за парушэнне
патрабаванняў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 КК). Гэтым разам Парфянкову пагражае турэмнае зняволенне.
Са следчым мы доўга не размаўлялі, таму што не было адваката, — расказаў Васіль Парфянкоў "Радыё Свабода". — Я сказаў, што без адваката ніякіх паказанняў
даваць не буду. Ён папярэдзіў, што распачата справа. Следчы сказаў, што пакуль я магу быць свабодным. Паведаміў, што, магчыма, будзе выклікаць мяне на наступным тыдні і апытваць маіх
бацькоў".
У гутарцы са следчым Парфянкоў заўважыў, што згодна з законам для распачынання крымінальнай справы неабходна мець тры парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду, тады як у яго толькі два парушэнні. На
гэта следчы яму адказаў, што "два парушэнні — гэта ўжо сістэма, і інспектар убачыў у гэтым падставу для распачынання справы".
Парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду, паводле слоў Парфянкова, заключаліся ў тым, што аднойчы ён выйшаў у забаронены час у магазін, другім разам трохі спазніўся дамоў. Менавіта ў гэтыя моманты яго
прыходзілі правяраць супрацоўнікі міліцыі.