«Вам трэба ісці наперад — і толькі так!» — вясновец Уладзь Лабковіч з-за кратаў
Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч даслаў на волю вестачку ад 14 снежня — ліст палітвязень напісаў у дзень, калі споўнілася пяць месяцаў, як ён, старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі і яго намеснік Валянцін Стэфановіч утрымліваюцца за кратамі.
Вось што піша вясновец:
«Сёння пяць месяцаў роўна, як я ў вязніцы. Сумна, канечне, асабліва ад разумення, што наперадзе бясконцасць тут. Я б таксама хацеў пабачыць надзею, але тут пакуль халодна, вільготна і няма сонца. А вам трэба ісці наперад. І толькі так!
Я таксама карыстаўся Spotify. Памятаю свой агляд за 2020 год. Першае месца займала песня Кіно "Перемен", што і зразумела. А другое месца — The Rolling Stones – Paint It, Black.
Цяпер я чытаю зборнік вершаў Аляксандра Галіча. Такі паэт, блізкі да дысідэнтаў. У яго ёсць вельмі пранізлівы верш "Петербургский романс"».
Уладзь просіць дасылаць яму ў лістах вершы, тэксты песень і цікавыя пераклады на беларускую мову. Таксама можаце распавесці яму пра музыкальныя навінкі і пра вашыя агляды ў Spotify.
Працягвайце пісаць праваабаронцам-палітвязням лісты салідарнасці ў турмы:
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк);
- СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца).