Улады Беларусі рыхтуюць змены ў «дэкрэт пра дармаедаў»
Улады Беларусі рыхтуюць змены ў "дэкрэт пра дармаедаў" (дэкрэт № 3 аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства), але скасоўваць яго не збіраюцца.
Пра гэта ў каментары парталу tut.by заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук. Паводле яго слоў, прапановы па магчымых зменах падрыхтуюць да сярэдзіны сакавіка. Над імі працуе працоўная група на чале з кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай.
Пірштук кажа, што з-пад дзеяння дэкрэта № 3 мусяць быць выключаны тыя, хто трапіў туды неаб'ектыўна. "Аналіз паказаў, што такія грамадзяне ёсць. А дакумент усё ж такі быў накіраваны на тое, каб прымусіць грамадзян працаваць, а не караць", — сказаў віцэ-спікер парламента.
Як вядома, у лютым-сакавіку ў буйных гарадах Беларусі прайшлі несанкцыянаваныя акцыі супраць "дэкрэта пра дармаедаў". У іх узялі ўдзел тысячы чалавек. Лукашэнка пра гэтыя пратэсты выказаўся крытычна.