Уладальнікі рэстарана, улады і пратэстоўцы разам абмяркуюць канфлікт у Курапатах
Лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў і сябар партыі, амерыканскі адвакат Юрась Зянковіч дасягнулі «прынцыповай дамоўленасці» аб правядзенні сустрэчы ўсіх зацікаўленых бакоў для дасягнення кампрамісу адносна канфлікта вакол рэстарана «Паедзем, паядзім». Пра гэта Кастусёў і Зянковіч сказалі Радыё Свабода.
У сустрэчы, паводле іх, возьмуць удзел як прадстаўнікі грамадcкасці, уладаў і буйнога бізнесу, так і ўладальнікі рэстарану.
«Нам давялося правесці некалькі прадуктыўных сустрэч з адным з уладальнікаў рэстарану Леанідам Зайдэсам. Ён аказаўся вельмі адкрытым да размовы і канструктыву чалавекам. Цягам перамоваў нам удалося дасягнуць узаемапаразумення і прыйсці да высновы, што праблему магчыма вырашыць толькі ў сумеснай супрацы, — сказаў Зянковіч. — Сустрэча адбудзецца 29 чэрвеня або на тэрыторыі рэстарана, або на нейтральнай пляцоўцы».
Па словах прадстаўнікоў партыі БНФ, папярэдне ўзгоднена, што на сустрэчу будуць запрошаныя чыноўнікі Мінгарвыканкаму, Мінаблвыканкаму, Мінкультуры, дыпламаты, абаронцы Курапатаў, Таварыства аховы помнікаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Анісім, Канапацкая і Марзалюк, бізнесмены Юры Зісэр і Віктар Пракапеня.
Кастусёў і Зянковіч сцьвярджаюць, што ў абмеркаванні будуць удзельнічаць і тыя, хто пратэстуе супраць рэстарану. Праяўляюць зацікаўленасць і прадстаўнікі некаторых буйных габрэйскіх арганізацый, якія «абавязкова будуць запрошаныя на перамовы».
«Падчас перамоваў уладальнік рэстарацыі прапануе некалькі варыянтаў, кожны з якіх можа быць падтрыманы грамадскасцю. Напрыклад, выкуп тэрыторыі за меншы, чым балансавы, кошт, ці правядзенне вялікай працы па ўладкаванні Курапатаў і ўсталяванні папярэдне распрацаванага мемарыяльнага комплексу, — сказалі Свабодзе Кастусёў ды Зянковіч. — Таксама спадар Зайдэс прадставіць шмат дакумэнтаў-прапановаў, з якімі ён звяртаўся да Мінкульту за апошнія 5–6 год з мэтай распрацоўкі комплексу і атрымаў шматлікія адмовы».
Суразмоўцы падкрэсліваюць, што ўсе, «хто мае прапановы, будуць сядзець за круглым сталом».