Украінскія гісторыкі выступілі ў абарону затрыманых беларускіх калег Андрэя і Таццяны Мастыка
Украінскі інстытут нацыянальнай памяці і Украінская асацыяцыя вуснай гісторыі зрабілі сумесную заяву ў падтрымку Андрэя і Таццяны Мастыка, а таксама асудзілі пераслед навукоўцаў у Беларусі.
«У Рэспубліцы Беларусь працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да
апазіцыйна настроеных да ўлады грамадзян. 19 ліпеня 2021 года былі затрыманыя
гісторыкі Андрэй Мастыка і яго жонка Таццяна Мастыка.
Таццяна Мастыка — кіраўніца Беларускага моладзевага
грамадскага аб'яднання «Гісторыка», гісторык, якая ажыццяўляе
незалежныя навуковыя даследаванні, займаецца папулярызацыяй гістарычных ведаў.
Андрэй Мастыка займаецца ў прыватнасці вуснай гісторыяй,
удзельнічаў у навуковых і адукацыйных мерапрыемствах вуснагістарычнага
напрамку, якія праводзіліся ва Украіне. Матэрыялы яго вуснагістарычных
даследаванняў увайшлі ў Беларускі архіў вуснай гісторыі і архіў сведак пры
Мінскай гістарычнай майстэрні. Андрэй таксама працаваў у камандзе праекта «Гісторыя Мінскага гета».
Украінскі інстытут нацыянальнай памяці і Украінская
асацыяцыя вуснай гісторыі глыбока занепакоеныя тым, што ў Беларусі працягваецца
наступ на правы чалавека, свабоду слова, ажыццяўляюцца пераследы апазіцыі,
незаконныя затрыманні навукоўцаў. Мы пратэстуем супраць пераследаў гісторыкаў
беларускімі ўладамі. Выказваем шчырую падтрымку навуковай супольнасці Беларусі
і заклікаем міжнародную навуковую супольнасць і праваабарончыя арганізацыі
асудзіць новую хвалю пераследаў у Беларусі, выказаць падтрымку затрыманым,
звярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваннем іх неадкладнага вызвалення», — гаворыцца ў заяве.