Удзельніка «Плошчы–2010» паранілі на Данбасе

Былы беларускі палітвязень, а цяпер добраахвотнік Аляксандр Малчанаў атрымаў раненне ў галаву.

Аляксандр Малчанаў . Фота з Facebook

Аляксандр Малчанаў . Фота з Facebook

Пра гэта ён сам паведаміў у сваім блогу ў Facebook.

«Па раненні. Металічны прадмет 5х7мм прайшоў маё вока і цяпер знаходзіцца дзесьці ў раёне носа. Што далей — я ХЗ, не пытайце. Усім дзякуй за хваляванні, але няма часу і магчымасці гаварыць па тэлефоне з кожным», — напісаў Аляксандр.

Аляксандр Малчанаў — былы актывіст моладзевага руху «Зубр». Быў арыштаваны і прысуджаны да турэмнага зняволення за пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 года. Вызвалены ў жніўні 2011-га, нагадвае reform.by

З 2014 года ваяваў на баку Украіны ў АТА ў складзе ДУК «Правы Сектар», з 2015 года — у складзе ваенных сіл Украіны. Мае дзяржаўныя ўзнагароды Украіны.

Два гады таму ён распавядаў СМІ, што супраць яго ў Беларусі распачата крымінальная справа па артыкуле «найміцтва». Хлопец не збіраецца вяртацца ў Беларусь, пакуль не зменіцца сітуацыя ў краіне.