У МУС паступіла больш за тысячу прапановаў па лібералізацыі адміністрацыйнай адказнасці

Больш за тысячу прапаноў паступіла ў МУС па лібералізацыі адміністрацыйнай адказнасці. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў — прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч.



gai.jpg

«На сёння ўжо больш за 50 тысяч чалавек прынялі ўдзел у нашым апытанні, за ўсё па электроннай пошце да нас паступіла 122 лісты, на сайт МУС па форме — 1.005 лістоў», — распавёў Канстанцін Шалькевіч. Праваахоўнікі таксама вывучылі больш за 1,5 тыс. паведамленняў грамадзян на розных форумах пад тэматычнымі артыкуламі. «Уся інфармацыя штодня абагульняецца і даводзіцца да ведама зацікаўленых службаў. Да 1 сакавіка супрацоўнікі МУС абагульняць усё і пададуць інфармацыю міністру ўнутраных спраў», — сказаў прэс-сакратар падчас канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА.

Большасць з гэтых прапановаў датычыцца працы ДАІ і правілаў дарожнага руху.

Але ўсе гэтыя прапановы, ператвораныя ў законапраекты па лібералізацыі адміністрацыйнага заканадаўства будуць разгледжаны ў парламенце не раней канца 2016 года, паведаміў на той жа канферэнцыі начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей.

«На працягу бліжэйшага месяца мы збярэм прапановы, потым у сябе абмяркуем іх і сфармуем пазіцыю МУС. Затым гэта ўжо будзе абмяркоўвацца на ўзроўні рабочых груп, якія будуць рыхтаваць законапраект», — сказаў Алег Каразей.

У падрыхтоўцы праекта закона будуць удзельнічаць дзяржорганы і ўносіць свае прапановы. «На працягу года гэтую працу рэальна зрабіць, каб да канца года сфармуляваць канчатковы законапраект, які будзе ўзгоднены з усімі дзяржорганамі. У лепшым выпадку першае чытанне пройдзе на восеньскай сесіі парламента ў 2016 годзе, але рэальна — гэта наступны год», — адзначыў начальнік упраўлення.