У дзень нараджэння Аліневіча пакаралі карцэрам

Палітвязень, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч, які адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі, быў пасаджаны ў карцэр у дзень свайго нараджэння, 24 верасня.



5f120cb5_3f2f_495b_8185_36440b05621d_w640_r1_s1.jpg

Як паведаміла Свабодзе маці Ігара Валянціна Аліневіч, 4 кастрычніка яна мела кароткатэрміновае спатканне ў калоніі з сынам. Ігар распавёў ёй, што 24 верасня, калі яму споўнілася 30 гадоў, да яго прыязджаў адвакат.

Адразу пасля сустрэчы з адвакатам, да Аліневіча прыйшоў дзяжурны і сказаў, што за тое, што Ігар не выйшаў на працу ў гэты дзень, яго караюць карцэрам. У выніку свой дзень нараджэння Аліневіч правёў у карцэры.

Асаблівасць сітуацыі ў тым, што Аліневіч, як і некаторыя іншыя вязні, быў прыняты у Прафесійна-тэхнічнае вучылішча швачоў. А такія зняволеныя, якія вучацца, вызваляюцца ад працы. Але цяпер, пасля карцэру, Аліневіча выключылі з вучэльні без тлумачэння прычынаў.

Пасля таго, як ён выйшаў з карцэру, ніякай пошты да яго не паступае, ані лістоў, ані прэсы — паведамілі маці вязня Валянціна Аліневіч.

Актывісты анархісцкага руху у верасні 2010 года былі затрыманыя за ўдзел у акцыях пратэсту, якія суд кваліфікаваў як напады на афіцыйныя будынкі. Маладых людзей асудзілі на працяглыя тэрміны, абвінаваціўшы ў зьдзяйсьненьні шэрагу палітычных акцыяў, у тым ліку і за напад на амбасаду Расеі ў Менску ў жніўні 2010 году.

Ігар Аліневіч атрымаў найбольшы тэрмін — 8 гадоў, якія адбывае ў наваполацкай калоніі.

www.svaboda.org