У Бярозаўскім раёне ўлады пагражаюць сялянам пазбаўленнем волі за ўтрыманне свінняў
У Бярозаўскім раёне у газеце райвыканкаму "Маяк" 4 студзеня выйшаў артыкул галоўнага ветэрынарнага лекара раёну Генадзя Белавежкіна, у якім той пагражае сялянам за ўтрыманне свінняў адміністратыўнай і крымінальнай адказнасцю.
Напачатку артыкулу паведамляецца, што з прычыны афрыканскай чумы свінняў Бярозаўскі мясакансервавы камбінат панёс выдаткаў на 10 млрд рублёў, не маючы магчымасці экспартаваць сваю прадукцыю ў Расею. Пры гэтым адзначаецца, што свінафермы ў вёсках Хойнікі і Сашыца, якія належаць Бярозаўскаму камбікормаваму заводу, выдаткавалі 3 млрд рублёў на барацьбу з АЧС.
У сувязі з гэтым Генадзь Белавежкін дзеля падтрымання жыццядзейнасці дзяржаўных прадпрыемстваў нагадвае жыхарам раёну пра ўведзеную ў гэтым годзе ўладамі забарону на ўтрыманне свінняў у радыюсе пяцікіламетровай зоны ад свінкомплексаў. У Бярозаўскім раёне у гэты радыюс трапляюць дзясяткі вёсак.
Разам з тым, адзначае ветэрынар, у раёне застаюцца сяляне, якія працягваюць утрымліваць свінняў у прыдуманай уладамі пяцікіламетровай зоне. У дачыненні васьмі з іх ужо складзеныя пратаколы.
Каб застрашыць сялянаў, Генадзь Белавежкін пагражае ім за ўтрыманне свінняў адміністратыўнай і крымінальнай аказнасцю, у прыватнасці, п.1 арт. 15.38 КаАП (Парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных або заатэхнічных правіл), што прадугледжвае штраф у памеры 20 базавых велічыняў (3,6 млн рублёў), і арт. 284 КК (Парушэнне ветэрынарных правілаў), што прадугледжвае да двух гадоў пазбаўлення волі.
"Ветэрынара хвалююць толькі 10 млрд рублёў выдаткаў, якія панесла дзяржаўнае прадпрыемства. А выдаткі, якія панёс народ, не хвалююць нікога", — адзначыў бярозаўскі
актывіст Валер Білібуха.
Прэсавая служба БХД