У Польшчы памёр беларус, які прайшоў праз Акрэсціна, у яго засталося чацвёра дзяцей

Актывіст Зміцер Барэйчук памёр у Польшчы, яго сям’я засталася ў чужой краіне без мужа і бацькі, паведамляе фонд салідарнасці BySol.

Фота з сайта BySol

Фота з сайта BySol

Фонд абвясціў збор для сям’і Зміцера Барэйчука. Падтрымаць можна тут.

«Кожны чалавек, які трапляе да нас на зборы, робіцца сваім і блізкім. Мы суперажываем нягодам, у якіх апыняюцца людзі, цешымся, калі іх зборы паспяхова закрываюцца, і сочым за лёсамі нашых заяўнікаў надалей. Але жыццё такая штука — часам усё ідзе не па плане, — піша BySol. —

Некалькі месяцаў таму да нас звярнуўся Барэйчук Зміцер. Паводле адукацыі мужчына інжынер-радыёфізік, яму 51 год. З 1987 года ён працаваў у IT, а апошнім часам займаўся рамесніцтвам — рабіў сувенірную прадукцыю з выявамі гістарычных аб'ектаў Беларусі. У мужчыны 4 дзяцей. Старэйшаму 18 гадоў, малодшай дачцэ — 13.

У 2020 годзе Зміцер быў у камандзе Віктара Бабарыкі. Ён ездзіў па Беларусі і збіраў подпісы. Мужчына ўвайшоў у пяцёрку найбольш эфектыўных зборшчыкаў. За гэта яго арыштавалі і пасадзілі на «суткі».

Пасля гэтага сям'ю Змітра больш не пакідалі ў спакоі.

У іх дома было некалькі ператрусаў. А ў лістападзе 2022 года пасля чарговага пераварочвання кватэры, мужчыну затрымалі і даставілі на Акрэсціна для «разбіральніцтва».


Глядзіце таксама

З камеры Зміцер выйшаў падазраваным паводле дзвюх крымінальных справаў і са скаргамі на болі ў жываце. Мужчыну шпіталізавалі, і ў жніўні 2023 года ў РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава яму быў пастаўлены дыягназ: суцэльна-кістозная пухліна, і паказаная аперацыя па яе выдаленні як мага хутчэй.

Паколькі на той момант да заканчэння дзеяння візы заставалася толькі некалькі дзён, на сямейнайна радзе Зміцер і яго блізкія вырашылі пакінуць краіну. Аперацыю па выдаленні пухліны разам з часткай кішэчніка мужчыну зрабілі ўжо ў Беластоку.

Прагнозы былі добрыя, і некалькі месяцаў таму мы абвяшчалі збор на санаторнае лячэнне і рэабілітацыю мужчыны. Але хвароба ўзяла сваё.

8 траўня Зміцер Барэйчук памёр. А ў чужой краіне без мужа і бацькі засталася яго сям'я — жонка і чацвёра дзяцей.

Мы суперажываем блізкім Змітра і запускаем гэты збор на пахаванне мужчыны, а таксама для падтрымкі ягонай сям'і».

BySol адзначае, што сабраць патрэбна 10 тысяч еўра.

4 тысячы з гэтай сумы пойдуць на пахаванне Зміцера Барэйчука, астатняе — на падтрымку яго сям’і.