«Быў праведзены аналіз іх дзейнасці». У Мінадукацыі пракаментавалі закрыццё ліцэяў
У Міністэрстве адукацыі пракаментавалі навіну пра закрыццё двух мінскіх ліцэяў. Раней у СМІ з'явілася інфармацыя пра тое, што сталічныя ліцэі №1 і № 2 спыняюць наборы навучэнцаў, нагадвае «Еўрарадыё».
Падчас інтэрв'ю «Звяздзе» ў намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая спыталі, у
чым прычына такой пільнай увагі да ліцэяў. Ён сказаў, што са з'яўленнем
профільнай адукацыі ў школах стала незразумела, чым «ліцэі адрозніваюцца
ад старэйшай ступені школы».
«Быў праведзены аналіз іх дзейнасці. Мы даведаліся, што
ў некаторыя ўстановы залічвалі навучэнцаў, якія атрымалі зусім нізкія балы на
ўступных экзаменах. Ёсць ліцэі, куды могуць трапіць толькі гарадскія дзеці,
таму што там няма свайго інтэрната», — растлумачыў пазіцыю ведамства
Кадлубай. Таму, па словах чыноўніка, мясцовым уладам прапанавалі «ўпарадкаваць працу ліцэяў».
Адна з галоўных умоваў — даць магчымасць вучыцца ў ліцэях
дзецям з рэгіёнаў. Акрамя таго, для ўсіх ліцэяў устанавілі адзіныя правілы.
Пры гэтым Кадлубай падкрэсліў, што «пра ліквідацыю
агульнаадукацыйных ліцэяў гаворкі не ідзе, яны захаваліся і ў Кодэксе аб
адукацыі». У наступным годзе, па яго словах, да прыкладу, свой ліцэй
з'явіцца ў Віцебску, яго плануе адкрыць Віцебскі ўніверсітэт імя П. Машэрава.
Гэты адказ ужо пракаментаваў рэпетытар Яўген Лівянт, які
адным з першых паведаміў пра планаванае закрыццё мінскіх ліцэяў. На ягоную
думку, аргументы чыноўнікаў з Мінадукацыі не вытрымліваюць крытыкі.
Лівянт нагадаў, што ў Мінску «ёсць выдатны Мінскі
дзяржаўны абласны ліцэй (МДАЛ)». Ліцэй знаходзіцца ў мікрараёне
Курасоўшчына і ў яго ёсць свой інтэрнат, але і тут вучыцца шмат мінчукоў — у
тым ліку таму што нямногія бацькі наважваюцца адправіць дзіця жыць і вучыцца ў
іншы горад.
«Таму ніякіх новых інтэрнатаў у Мінску для школьнікаў
будаваць не трэба, месцаў хапае. І чыноўнікі Міністэрства адукацыі пра гэта
ведаюць», — падкрэсліў Лівянт.
Ён таксама нагадаў, што пасля закрыцця ліцэяў №1 і № 2 у Мінску застануцца толькі тры агульнаадукацыйныя ліцэі. Астатнія 9 — гэта былыя ПТВ і тэхнікумы. «Агульнага ў гэтых навучальных установаў толькі слова "ліцэй" у назве», — адзначыў Лівянт.