У Курапатах правялі акцыю памяці

28 лютага сябры Руху Салідарнасці «Разам» правялі ў Курапатах традыцыйную акцыю па ўшанаванню памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій.

28468558_1610961799024546_5445756838601877377_n.jpg

Адметнасць акцыі ў тым, што адбылася яна напярэдадні святкавання 100-годдзя БНР. Нягледзячы на мароз і завею, ля Памятнага каменя на Галгофе сабраліся 9 чалавек. Вячаслаў Сіўчык сказаў: «Праз 25 дзён будзе юбілей велічнай даты ў гісторыі беларускай нацыі. 25 сакавіка 1918 года была адноўлена Беларуская дзяржаўнасць. У кожнай нацыі ёсць свае святыні і свае нацыянальныя даты. Дзень 25 сакавіка — Свята для кожнага беларуса. Нават для тых людзей, у якіх няма яшчэ разумення, што гэта - іх свята. Беларускія палітыкі здзейснілі сто гадоў таму ў фантастычна неспрыяльных умовах рэальны подзвіг. Але пад ударамі акупацыйных войскаў беларуская улада на нашай зямлі была знішчаная. Таму і адбываліся жахлівыя трагедыі, і ўвесь свет ведае пра Курапаты і Трасцянец. Але прыйдзе час, калі будзе беларуская улада, і 25 сакавіка будзе дзяржаўным святам!»

28378577_1610961865691206_6019607648009106547_n.jpg


Сустаршыня Руха Салідарнасьці «Разам» Алена Талстая абвесціла традыцыйную хвіліну маўчання па ахвярах камуністычнага і нацысцкага тэрору. У кароткай прамове яна нагадала пра ўрачыстае ўзнагароджанне памятным медалем імя Сяргея Ханжанкова, якое мае адбыцца 13 сакавіка а 18-й гадзіне на Управе БНФ, і заклікала прыняць удзел у мерапрыемстве.
Акцыя завершылася, па традыцыі, малітвай «Войча Наш», запальваннем знічак, якія кранальна сагравалі змерзшыя далоні, ускладаннем кветак да Каменя Памяці і Крыжа Пакутнікам, нацыянальным гімнам «Магутны Божа» і воклічам «Жыве Беларусь!»
Паводле прэс-рэліза