У кожнай вобласці Беларусі: як на месцах уводзіцца каранцін, якога няма

Больш за 150 тысяч беларусаў падпісалі петыцыю на change.org з заклікам увесці ў краіне каранцін праз каранавірус. Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка пракаментаваў гэтую ідэю коратка: «Жэрці што будзем?» У Беларусі няма рэсурсаў для паўнавартаснага лакдаўну, паведамляе Еўрарадыё.

quarantine_1.jpg

Катэгарычнасць кіраўніка дзяржавы не дазваляе ўвесці каранцін па ўсёй краіне. Аднак Еўрарадыё звярнула ўвагу, што многія мясцовыя органы ўлады ўжо зацвердзілі «абмежавальныя паўмеры» для сваіх рэгіёнаў. На сайтах рай- і гарвыканкамаў адзін за адным з’яўляюцца аднатыпныя дакументы са спісам мер, закліканых запаволіць распаўсюджванне COVID-19. Слова «каранцін» у іх не згадваецца. Даследуем геаграфію гэтага каранціну, якога няма.

Што за «мяккі каранцін»

Каранцін — гэта неабавязкова каменданцкая гадзіна і спыненне ўсіх прадпрыемстваў, як пра яго гаворыць Лукашэнка. Рэжым каранціну на тэрыторыі ўсёй краіны ўпаўнаважаны ўводзіць Саўмін — па прадстаўленні галоўнага санітарнага доктара. Пакуль што, нягледзячы на трохзначны прырост колькасці хворых у кожны з апошніх пяці дзён, гэтага не адбываецца. Але ўрад вынайшаў новае абмежавальнае мерапрыемства — самаізаляцыю, пастанову аб якой прэм’ер-міністр Сяргей Румас падпісаў 8 красавіка.
Аднак мясцовыя органы ўлады таксама маюць права прымаць меры для барацьбы з вірусам. Не каранцін — а абмежаванні або рэкамендацыі, якія яго вельмі нагадваюць. На цяперашні момант такія абмежаванні або рэкамендацыі, закліканыя запаволіць распаўсюджванне COVID-19, дзейнічаюць у абласных гарадах і як мінімум у 36 раёнах Беларусі.

Віцебская вобласць

Пачаўся «гібрыдны каранцін» у Віцебску. 27 сакавіка там быў зацверджаны «План дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19». Спіс з 21 пункта ўключае забарону на работу грамадскага харчавання і іншых боўлінгаў пасля 23:00, адмену выстаў, прэзентацый у зачыненых памяшканнях, забарону на наведванне інтэрнатаў і ўстаноў для пажылых людзей, дазвол не вадзіць дзяцей у дзіцячыя садкі і гэтак далей.
Аналагічныя дакументы прынялі Браслаўскі, Лепельскі, Полацкі, Аршанскі, Ушацкі, Докшыцкі, Лёзненскі райвыканкамы і Наваполацкі гарвыканкам.

Брэсцкая вобласць

Брэсцкі аблвыканкам зацвердзіў свае «мерапрыемствы па прафілактыцы». Там рэалізацыя тавараў толькі ў фасаваным выглядзе, выкарыстанне масак і пальчатак персаналам у выпадках цеснага кантакту з наведвальнікамі (касіры, прадаўцы і інш.), максімальнае выкарыстанне плацежных тэрміналаў пры разліку за тавары і паслугі.
Аналагічныя меры зацвердзілі ў некаторых раёнах. Напрыклад, у Баранавічах абмежаванні датычацца спартыўных і культурных мерапрыемстваў, выездаў супрацоўнікаў у камандзіроўкі, работы спартыўных залаў. Бацькам таксама дазволілі не пускаць дзяцей у дзіцячыя садкі і школы.

Гродзенская вобласць

Свой супрацьвірусны план 1 красавіка зацвердзіў і Гродзенскі гарвыканкам. Сярод захадаў — забарона на дыскатэкі, абмежаванні ў рабоце фітнес-залаў, чытальных залаў бібліятэк. Забараняецца прадаваць талончыкі ў транспарце. ВНУ рэкамендавана «скарэктаваць лекцыйныя заняткі і выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў».
Асобна стаіць Астравецкі раён, дзе план па мінімізацыі рызыкі завозу і распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 складаецца аж з 52 пунктаў. Тут прапануецца «ўнесці прапановы аб змене рэжыму працоўнага часу (перанос пачатку працоўнага дня, работа ў аддаленым рэжыме і іншае) у мэтах папярэджання масавага збору людзей». Астравецкі РАУС ужо забяспечвае кантроль выканання тымі, хто прыбывае (каго дастаўляюць) з замежных краін, рэжыму самаізаляцыі.
Дзейнічаюць планы абмежавальных мерапрыемстваў таксама ў Лідскім, Карэліцкім, Шчучынскім, Воранаўскім раёнах.

Магілёўская вобласць

У Магілёве ўведзеныя прыблізна такія ж абмежаванні, што і ў іншых абласцях. З 3 красавіка свой план ёсць у Бабруйску — мы заўважылі слова «каранцін» у гіперспасылцы, якая вядзе на дакумент. Акрамя стандартных прафілактычных захадаў — Бабруйская цэнтральная бальніца пачала разам з міліцыяй сачыць, як грамадзяне выконваюць рэжым самаізаляцыі.

Гомельская вобласць

У Гомелі дакумент «аб прыняцці мер» зацвердзілі 2 красавіка. На сайтах райвыканкамаў дакументаў аб абмежавальных мерах у адкрытым доступе пакуль што няма.

Мінск і Мінская вобласць

У сталіцы план па барацьбе з каранавірусам зацвердзілі 7 красавіка. У адрозненне ад рэгіёнаў меры носяць не рэкамендацыйны, а абавязковы характар.
Аналагічныя дакументы прынятыя ў Смалявіцкім і Маладзечанскім раёнах.