У гродзенскіх школьнікаў на ўроках пачалі забіраць мабільныя тэлефоны
Новыя правілы пачалі дзейнічаць у гродзенскай гімназіі імя Яўхіма Карскага. У дзяцей перад урокам забіраюць тэлефоны, дазваляюць карыстацца імі толькі на перапынках. Як стала вядома Свабодзе, новаўвядзенне пачало працаваць з пачатку сакавіка.
Правілы карыстання мабільнымі тэлефонамі з'явіліся на сайце гімназіі. Яны датычаць як вучняў, так і настаўнікаў і іншых супрацоўнікаў навучальнай установы.
Сцісла
— у будынку гімназіі выклік павінен быць толькі ў вібрарэжыме або вельмі ціхі;
— карыстацца тэлефонам падчас урокаў забаронена. Лічыць на ім, напрыклад, як на калькулятары, можна, але толькі з дазволу настаўніка;
— на перапынках вучні могуць званіць толькі бацькам або іншым родным дзеля «аператыўнай сувязі» і «толькі ў выпадках абгрунтаванай і неадкладнай неабходнасці»;
— настаўнікам па-за ўрокамі таксама не раяць карыстацца тэлефонам у прысутнасці вучняў;
— у гімназіі і побач з ёй варта размаўляць па тэлефоне ціха і коратка, каб не перашкаджаць іншым;
— здымаць на тэлефоны фота і відэа можна толькі з дазволу педагогаў і таго, хто трапляе ў кадар;
— нельга прапагандаваць праз мабільнік жорсткасць, гвалт, парнаграфію, песні і вершы з лаянкай;
— забаронена наўмысна наносіць шкоду іміджу гімназіі;
— нельга зараджаць у гімназіі мабільны тэлефон ад электрасеткі.
Што будзе, калі нехта парушыць правілы?
На парушальніка складуць дакладную запіску. Вучню будзе пагражаць папярэджанне, запіс у дзённіку, паведамленне або выклік бацькоў у школу, настаўнікам — заўвага, вымова.
Калі гімназіст моцна парушыць правілы, настаўнік або гімназічнае кіраўніцтва могуць забраць у яго тэлефон і аддаць толькі бацькам.
Ва ўнутраных правілах ёсць спасылка на артыкул 126 Кодэксу аб адукацыі.
Дырэктар: «Перашкаджаюць на ўроках»
Дырэктар гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Яўхіма Карскага Барыс Сяброўскі сказаў, што правілы карыстання мабільнымі тэлефонамі прыняла апякунская рада гімназіі, у якую ўваходзяць бацькі вучняў. Ініцыятыва належыць самой установе, рэкамендацый «зверху» не было.
Прычына забароны карыстацца мабільнікамі — «перашкаджаюць на ўроках, адцягваюць увагу дзяцей».
Як патлумачыў Барыс Сяброўскі, у класах на стале настаўніка стаяць адмысловыя скрынкі з нумарамі. Перад пачаткам уроку школьнік кладзе туды свой тэлефон, а пасля ўроку можа забраць. Настаўніку таксама нельга размаўляць праз тэлефон падчас уроку. Свой гаджэт ён можа пакласці ў тую самую скрыню або проста на стол.
Тэлефоны збіраюць у скрыні перад урокам і аддаюць на перапынках
На пытанне, што будзе з тымі, хто не захоча здаваць свае тэлефоны, дырэктар гімназіі запэўніў, што ў іх такога не бывае.
«Як гэта не хоча? Правілы ўнутранага распарадку ён (вучань) павінен выконваць па Статуце гімназіі. У нас такіх выпадкаў няма і не будзе», — сказаў Сяброўскі.
Па словах дырэктара, бацькі гімназістаў ведаюць пра новаўвядзенне.
Мінадукацыі: «Рашэнне прымае адміністрацыя школы»
Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказала Свабодзе, што рашэнне, ці можна карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў школе, прымае адміністрацыя школы.
«Ва ўсіх краінах Еўразвязу даўно гэта зрабілі. І ніхто не абураецца. Дазваляецца карыстацца тэлефонам ці айфонам у тым выпадку, калі ён неабходны для навучальнага працэсу», — сказала Людміла Высоцкая.
Юрыст: «Нормы не грунтуюцца на заканадаўстве»
Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казлюк сказаў Свабодзе, што дакумент (правілы карыстання мабільнымі тэлефонамі) сумнеўны з некалькіх прычын:
з яго не відаць, калі ён прыняты і кім;
там напісана, што правілы распаўсюджваюцца на супрацоўнікаў гімназіі, але дакумент чамусьці стварае абавязкі для вучняў;
заканадаўства не забараняе ствараць ва ўстанове адукацыі ўнутраныя правілы, але гэтыя правілы павінны быць прынятыя і аформленыя належным чынам і не павінны супярэчыць заканадаўству.
Напрыклад, нормы, па якіх адміністрацыя можа забіраць тэлефоны ў вучняў, хай нават і часова, не грунтуюцца на заканадаўстве. У Кодэксе аб адукацыі няма такіх дысцыплінарных спагнанняў, як часовае адбіранне маёмасці. Паводле артыкула 128 Кодэксу аб адукацыі, да дысцыплінарных спагнанняў адносяцца заўвага, вымова і адлічэнне.Калі казаць пра адбіранне маёмасці (тэлефонаў) як прафілактыку, то ў Кодэксе аб адукацыі няма нічога пра прафілактыку парушэння лакальных нарматыўных актаў, а да прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў гэта не мае дачынення.
Карыстацца тэлефонамі дзецям забараняюць і за мяжой
Мабільныя тэлефоны забараняюць ня толькі беларускім школьнікам. Як піша Tut.by, імі нельга карыстацца прынамсі ў школах Нямеччыны і Францыі. Некаторыя настаўнікі гэтаксама перад заняткамі збіраюць тэлефоны ў скрыню і ставяць яе так, каб дзіця бачыла. Калі ў французскай школе дзіця ўключыць мабільны тэлефон, то яго забяруць і аддадуць толькі бацькам.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстанні інфармацыі БелаПАН.