У Гомелі затрымалі банду «чорных рыэлтараў»
У Гомельскай вобласці міліцыя разам з АМАПам затрымала банду «чорных рыэлтараў». Выкарыстоўваючы розныя крымінальныя схемы, яны пазбаўлялі грамадзян асацыяльных паводзін нерухомасці.
Фігурантамі справы сталі пяць чалавек: чацвёра мужчын і жанчына. У апошняй, дарэчы, пяцёра дзяцей. Усе — цыганскай нацыянальнасці.
«Усе падазраваныя займаліся на тэрыторыі Гомеля махлярствам, падробкай дакументаў і незаконным утрыманнем людзей. Знаходзілі адзінокіх і выпіваючых уладальнікаў нерухомасці, уваходзілі ў давер і адбіралі ў іх кватэры, каб потым прадаць жыллё і атрымаць грошы», — распавялі ў міліцыі.
Распачаты шэраг крымінальных спраў па фактах ашуканскіх дзеянняў, звязаных з нерухомасцю. Падазраваныя ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 209 КК Беларусі (Махлярства), затрыманыя. Праводзяцца неабходныя следчыя і аператыўныя мерапрыемствы па дакументаванні злачыннай дзейнасці «чорных рыэлтараў».
Нагадаем, у 2017 годзе была асуджаная банда «чорных рыэлтараў» з Магілёва. Некалькі гадоў на сельскіх могілках з’яўляліся свежыя безыменныя магілы — на жаль, гэта бянтэжыла толькі мясцовых жыхароў, але не міліцыю. Ужо потым высветліцца: з 2009-га па 2015 год «чорныя рыэлтары» з Магілёва спецыяльна шукалі выпівох або адзінокіх людзей, угаворвалі прадаць кватэру або размяняць на таннае жыллё, афармлялі здзелку па законе — і забівалі. Грошы пакідалі сабе. «Чорных рыэлтараў» затрымалі, калі яны ўжо падрыхтавалі свежую магілу для чарговай магчымай ахвяры, 51-гадовага мужчыны. Да таго моманту на іх сумленні ўжо былі смерці 6 чалавек. Трое «чорных рыэлтараў» былі прысуджаныя да доўгіх турэмных тэрмінаў. Яшчэ двое — да расстрэлу, у лістападзе 2018 года прысуд быў прыведзены ў выкананне.
Паводле TUT.by