У дадатак да «экстрэміста» комік Слава Камісаранка стаў і «тэрарыстам». Хронікі рэпрэсій 4 лютага

Гэта не жарт: КДБ унёс стэндап-коміка Славу Камісаранку ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Зусім нядаўна ён стаў «экстрэмістам», і вось ізноў... З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 4 лютага.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Гомельскае выданне Флагшток паведаміла пра затрыманне брата палітычнага эмігранта з Беларусі Дзмітрыя Стагурскага. Раніцай маладога чалавека прывезлі ў Навабеліцкае аддзяленне міліцыі і склалі пратакол аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП). У тэлефоне гамельчука міліцыянты знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

25 студзеня Азаронак апублікаваў у сваім тэлеграм-канале пост супольнасці «Іх чакае суд» з пагрозай на адрас Дзмітрыя Стагурскага, брата Мікалая.

* * *

Фотаальбом, прысвечаны святкаванню стагоддзя БНР, і кнігу пра расстрэлы ў Курапатах прызналі «экстрэмісцкімі». 

Гаворка ідзе пра альбом «БНР-100 абвяшчэнне 100-гадовага юбілею ў Беларусі i ў замежы» і выданне «НКУС забіваў у Курапатах... » за аўтарствам журналіста, які працаваў у БелаПАН і ў «Новым часе» Марата Гаравога. Акрамя таго, у спіс «экстрэмісцкіх» выданняў быў дададзены часопіс «Абажур №3 (124), які выдаецца Беларускай асацыяцыяй журналістаў, за 2018 год, і яшчэ шэраг выданняў, тэлеграм-каналаў, старонак у сацсетках і чатаў.

Глядзіце таксама

* * *

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У спіс, сярод іншых, дадалі імёны грамадзян Беларусі Вячаслава Камісаранкі, Армена Арзуманяна, Дзмітрыя Асіюка, Барыса Крыцкага, Валерыя Мяфодзіенкі, Анастасіі Жыльскай. На сённяшні дзень у «тэрарыстычным спісе» КДБ 1234 чалавекі, з іх больш за 500 — беларусы.

* * *

Мінскі гарадскі суд у закрытым пасяджэнні пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да трох былых супрацоўніц TUT.BY. Вольгу Лойку, Алену Талкачову і Кацярыну Ткачэнка будуць па чатырох артыкулах: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»; «ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў» (рэдакцыя артыкула страціла сілу 26 мая 2021 года); «заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»; «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці».

Усе фігуранткі справы знаходзяцца за межамі Беларусі. Працэс вядзе Алена Шылько.

* * *

Як стала вядома праваабаронцам Вясны, у Віцебскім абласным судзе разглядаецца справа грамадзяніна замежнай дзяржавы Аляксандра Барысава. Яго абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасці». Сутнасць абвінавачвання невядомая, судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. 358-1 КК яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Яўген Буруноў разглядае справу Барысава з 27 лютага.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў Беларусі з 2020 года за «агентурную дзейнасць» асуджана не менш за 19 замежных грамадзян.

* * *

Генпракуратура накіравала ў суд справу супраць заснавальніка канала «Мая краіна Беларусь» Сяргея Бяспалава. Яму прад'явілі каласальную суму нібыта нанесенай дзяржаве шкоды. Генпракуратура лічыць, што дзеяннямі блогера быў нанесены ўрон у памеры звыш 30,9 мільёна рублёў.

  • ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці),
  • арт. 188 КК (паклёп),
  • ч. 1 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі),
  • ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак),
  • ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады),
  • ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый),
  • ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім),
  • ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку),
  • ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі),
  • арт. 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Суд будзе завочным.

* * *

4 лютага Жлобінскі раённы суд разгледзіць крымінальную справу ў дачыненні да студэнта Жлобінскага металургічнага каледжа Канстанціна Ціхамірава. Яму выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула 370 КК (абраза дзяржаўных сімвалаў), паведамляе Гомельская вясна. Пры гэтым судовае пасяджэнне пройдзе не ў будынку суда, а ў каледжы, дзе вучыцца хлопец.

Год таму на сцэне актавай залы гэтага ж каледжа Канстанціна разам з трыма іншымі студэнтамі ўрачыста віншавалі і ўручалі падзячныя лісты — маладыя людзі выратавалі пенсіянера з вады.

Прапагандысцкая газета «СБ» нават напісала пра гераічны ўчынак падлеткаў: хлопцы выпаўзлі на лёд і з дапамогай знойдзеных непадалёк сродкаў змаглі выцягнуць пенсіянера з сажалкі і выратаваць яму жыццё.

* * *

Праца камісіі па вяртанні грамадзян, якія з'ехалі на радзіму, будзе працягнутая, заявіў генпракурор Андрэй Швед. Паводле яго слоў, камісія ўжо разгледзела 241 заяву, 19 чалавек ужо вярнуліся ў Беларусь (некаторыя прыязджалі і вярталіся па некалькі разоў), піша БЕЛТА. Каля 40 асобам дадзены тлумачэнні аб тым, што яны могуць спакойна вяртацца.

Па розных падліках, агулам за гады рэпрэсій лукашэнкаўскага рэжыму за мяжу з'ехалі да паўмільёна бенларусаў.

* * *

Ужо два месяцы шматгадовы кіраўнік-партнёр Ernst & Young у Беларусі Павел Лашчанка знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні па адным з палітычных артыкулаў. Па словах суразмоўцаў, Лашчанка ўзгадалі 2020 год. Тады за ягоным подпісам быў апублікаваны ліст да кіраўнікоў сілавых і дзяржаўных органаў, у якім Лашчанка выказаў сумнеў у агучаных Ярмошынай лічбах, а таксама заклікаў усіх адумацца і вярнуцца да законнасці.

EY (Ernst & Young) — аўдытарская кампанія з «вялікай чацвёркі». Працуе ў сферы аўдыту, падаткаабкладання, аказвае юрыдычныя паслугі для бізнесу. Без ацэнкі EY у Беларусі не магла прайсці ніводная сур'ёзная здзелка па куплі або зліцці бізнесу. EY была адным з асноўных лакаматываў у справе прасоўвання перадавых фінансавых стандартаў і справаздачнасці. Пасля 2022 года кампанія стала называцца B1.

* * *

Былому вайскоўцу Дзмітрыю Пазнякову збіраюцца ўзмацніць пакаранне. Дзмітрый — ураджэнец Узбекістана. Служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, потым працаваў намеснікам каменданта ў Брэсцкай ваеннай камендатуры, а таксама выкладаў на вайсковым факультэце БДУ. Яго затрымалі 9 жніўня 2023 года. Паводле прапагандыстаў, Пазднякоў быў завербаваны польскімі спецслужбамі. У лістападзе 2023-га палітвязня асудзілі за "здраду дзяржаве" да 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў наваполацкую калонію № 1.

Паводле інфармацыі "Вясны", у калоніі палітвязня катавалі з ужываннем электрашокера, прымушалі падпісваць дакументы і пустыя аркушы. Акрамя гэтага, яго неаднаразова адпраўлялі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Дома Дзмітрыя чакаюць жонка і двое дзяцей.

Цяпер стала вядома, што 14 лютага ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Дзмітрыю рэжыму на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.