У Бешанковічах праблемы з вадой, паведамляюць пра масавае атручэнне
У райцэнтры Бешанковічы у Віцебскай вобласці здарылася аварыя на водаправодзе. Жыхарам аднаго з раёнаў гарпасёлка стала паступаць вада з рэзкім непрыемным пахам, а пасля яе ўжывання многія адчулі сябе дрэнна. Некаторыя трапілі ў бальніцу. Прычыны і дэталі аварыі пакуль невядомыя.
![faucet_686958_1280_870x579.jpg faucet_686958_1280_870x579.jpg](/img/v1/images/faucet_686958_1280_870x579.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як паведамляе REFORM.by са спасылкай на мясцовую газету «Зара», дрэнная вада стала паступаць жыхарам раёна вуліцы Маладзёжнай 30 сакавіка. Аварыя на водаправодных сетках, паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Грышан, здарылася ў ноч на аўторак. Аднаўленчыя работы вяліся водаканалам з раніцы ўвесь дзень, вечарам вада пачала паэтапна паступаць у дамы, але яшчэ з раніцы быў арганізаваны падвоз пітной вады ў цыстэрнах.
«Да раніцы не рэкамендуецца выкарыстоўваць водаправодную ваду для піцця. Пакуль не будзе выкананы неабходны аб'ём аднаўленчых работ. Зараз падача вады будзе ажыццяўляцца праз станцыю абезжалезвання “Паўднёвая”, перад запускам усе водаправодныя сеткі былі прадэзінфікаваныя», — паведаміў чыноўнік.
Таксама выданне пацвердзіла, што ад дрэннай вады ў гараджан пачаліся праблемы са здароўем. Паводле слоў галоўнага лекара, 30 сакавіка былі шпіталізаваныя 5 малалетніх дзяцей, яны ў здавальняючым стане, іх здароўю нічога не пагражае.
Тым не менш, у сацсетках жыхары Бешанковічаў распавядаюць пра здарэнне інакш. Першыя паведамленні ў мясцовай групе пра ваду, якая рэзка пахне каналізацыяй, з’явіліся ўжо раніцай 29 сакавіка, пры гэтым некаторыя карыстальнікі пішуць, што ўжо ў нядзелю вада была не ў парадку. Многія паведамляюць, што пасля ўжывання вады нават для чысткі зубоў у іх або іх дзяцей сімптомы атручэння: падвышаная тэмпература, дыярэя, ваніты. Пад допісам з пытаннем «Хто атруціўся?» паставілі «плюсікі» дзясяткі чалавек.
«Нават кава не перабівае густ і смурод вады. Пах каналізацыі, балота, ваду не тое што піць, ёй посуд мыць немагчыма»; «Уся сям’я злегла ў нас, ваніты ў дзяцей ледзь спынілі»; «у нядзелю папіла вадзіцы, на дадзены момант "хуткую" ўжо чакаем 2 гадзіны, тэмпература толькі расце» — пішуць мясцовыя жыхары.
Нагадаем, што гэта не першыя праблемы з водаправодам у краіне. У мінулым годзе падобныя аварыі неаднойчы здараліся ў Мінску. У гэтым годзе яны працягнуліся.