У беларускіх школах і садках зьбіраюць дапамогу «дзецям Данбасу і вызваленых тэрыторыяў»
У беларускіх установах адукацыі ідзе збор дапамогі «дзецям Данбасу». Бацькам прапаноўваюць добраахвотна прынесьці канцылярскія рэчы, прадукты, цацкі і сродкі гігіены.
Збор грошай
і рэчавай дапамогі для «дзяцей Данбасу» — даволі пашыраная ў Расеі зьява. Яна
актывізавалася з пачаткам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пра тое, што
падобныя зборы вядуцца і ў беларускіх школах, «Св*бодзе» расказала адна з
чытачак.
«Сын вучыцца ў чацьвёртай клясе. У бацькоўскі чат у Viber кінулі спасылку на фонд Аляксея Талая. Папрасілі "ня быць абыякавымі" і прынесьці ў школу асадкі, алоўкі, дзіцячае харчаваньне і іншае. Як я заўважыла, ніякага абмеркаваньня не было. Усе прамаўчалі. Ці моўчкі прынесьлі, ці праігнаравалі, ня ведаю», — падзялілася суразмоўца.
На старонцы
дабрачыннага фонду Аляксея Талая — дзесяткі паведамленьняў пра збор рэчаў у
дзіцячых садках і школах. Напрыклад, фонд дзякуе дзіцячаму садку № 140 Гомля,
які прыняў удзел у акцыі і дапамог «дзецям Данбасу і вызваленых тэрыторыяў».
Далучыўся
да акцыі і дзіцячы сад № 119 Гомля. Ягоны калектыў «перадае самыя лепшыя
пажаданьні дзецям Данбасу».
Беларускі
паралімпіец Аляксей Талай вядомы сваёй падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі і вайны
Расеі супраць Украіны. Пасьля падзей жніўня 2020 году ён неаднаразова
выказваўся ў падтрымку дзеяньняў беларускіх уладаў. Таксама Талай наведваў на
тэрыторыі Расеі і акупаванага Данбасу расейскіх салдатаў, якія страцілі
канцавіны ў баявых дзеяньнях.
«Балюча
было бачыць маладых хлопцаў пасьля такіх раненьняў, як у мяне (Талаю ў
16-гадовым узросьце адарвала рукі і ногі мінай часоў Другой сусьветнай вайны). Хлопцы страцілі канцавіны ў сувязі са спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй,
падарваліся на фашысцкіх мінах, новых, якія цяпер пастаўляе Нямеччына. Недзе на
мяне нахлынулі ўспаміны. Але разумеў, што ў многіх зь іх сытуацыя не такая
фатальная. І гэта супакойвала. Паглядзяць на мяне і вырашаць: а чаго тут
сумаваць? Рады, што прыехаў і ўласным выглядам іх падтрымаў», — цытаваў Талая
«Прессбол».
Інфармацыю
пра збор гуманітарнай дапамогі для акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяў распаўсюджваюць і афіцыйныя telegram-каналы райвыканкамаў.
«Сёньня ў
сьвеце, як і раней, неспакойна, і сваю грамадзянскую пазыцыю нашы землякі
выказваюць, удзельнічаючы ў дабрачынных праектах. Школьнікі раёну сабралі
гуманітарную дапамогу дзецям Данбасу», — паведамляецца ў канале Гомельскага
райвыканкаму. Ёсьць абвесткі пра такія зборы і ў тэлеграм-канале БРСМ.
Пра зборы
сродкаў і рэчаў для ўкраінскіх дзяцей, якія пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў, у
афіцыйных беларускіх крыніцах не паведамляецца. З 24 лютага 2022 году ў выніку
расейскай агрэсіі на тэрыторыі Ўкраіны загінула сама меней 450 дзяцей, а амаль
тысяча атрымалі раненьні.