Хворых дзяцей расійскія акупанты «адсейвалі» падчас высылкі
Расійцы пачалі масава вяртаць іх пасля незаконнага ўсынаўлення.
Расійскія акупанты ўвялі на Данбасе медычны агляд, які дазваляе адбіраць на дэпартацыю толькі здаровых дзяцей. Гэта адбылося пасля таго, як расійцы, якія незаконна ўсынавілі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, пачалі вяртаць іх у дзіцячыя дамы пры выяўленні ў іх хвароб і праблем са здароўем.
Пра гэта піша «ZMINA» са спасылкай на даклад, падрыхтаваны грамадскай арганізацыяй «Усходняя праваабарончая група» і «Інстытутам стратэгічных даследаванняў і бяспекі».
Аўтары справаздачы адзначаюць, што ў верасні такія вяртанні сталі масавымі. Расійскія ўлады некаторы час спрабавалі гэта хаваць, але інфармацыя аб вяртанні дзяцей з'явілася ў прэсе.
Паводле праваабаронцаў, гэта падштурхнула Расійскую Федэрацыю ў кастрычніку прыняць рашэнне аб ажыццяўленні так званай «дыспансэрызацыі» дзяцей-сірот і дзяцей, пазбаўленых апекі бацькоў, з часова акупаваных тэрыторый Украіны, каб зменшыць колькасць вяртанняў.
«Калі прааналізаваць працэс дзіцячай дыспансэрызацыі, усталяваны загадам РФ ад 22 кастрычніка 2022 года за подпісам Міхаіла Мішусціна, то Крамлю патрэбны здаровыя дзеці, а хворых яны пакідаюць на часова акупаваных тэрыторыях Украіны», — гаворыцца ў справаздачы.
Праваабаронцы параўноўваюць гэта з дзеяннямі нацыстаў, якія лічылі людзей з хваробамі людзьмі другога гатунку.
«Здаровых дзяцей забіраем, хворых пакідаем — так рабілі толькі фашысты. І гэта падмурак іх дзеянняў... Галоўная мэта — забіць украінскую ідэнтычнасць гэтых дзяцей. Для іх галоўнае, каб украінцаў стала менш», — заявіў праваабаронца Паўло Лысянскі падчас прэзентацыі даклада ва Укрінфарме.