У Беларусі забаронены продаж рамана Оруэла «1984»
«Экстрэмісцкая» ў Беларусі найстарэйшая «газета з карцінкамі» заяўляе, што мае на руках копію распараджэння аб забароне продажу кнігі.
«Зняць з продажу ўсе варыянты кнігі Оруэл Д. «1984». Пра выкананне далажыць не пазней за 19 траўня», — гаворыцца ў распараджэнні.
Антыутопія Джорджа Оруэла «1984» апісвае таталітарнае грамадства. Жыхары пазбаўленыя грамадзянскіх правоў і індывідуальнасці, ідэя парадку абсалютызуецца, існуе культ асобы Вялікага Брата, ад людзей патрабуюць поўнага і некрытычнага падпарадкавання ўладам. Нават мову змяніла навамоўе. «Вайна — гэта мір», «Свабода — гэта рабства» і «Вялікі Брат сочыць за табой», — гэтыя выразы з рамана сталі афарызмамі.
У Савецкім Саюзе і іншых таталітарных дзяржавах Усходняй Еўропы кніга была забароненая да 1987 года.
На беларускую мову раман у 1992 годзе пераклаў выбітны перакладчык Сяргей Шупа, тады і выйшла першае выданне. У 2020-м раман быў перавыдадзены выдавецтвам «Янушкевіч». А ў 2021-м выйшаў дадатковы наклад твора. Ëн стаў лідарам продажаў у шматлікіх кнігарнях.
У дзяржаўнай сетцы «Белкніга» ён трымаўся на 4-м месцы ў спісе бестсэлераў. Рэдкі выпадак для кнігі, якая ўпершыню выйшла шмат дзесяцігоддзяў таму. І адлюстраванне таго, як народ успрымае працэсы, што адбываюцца ў краіне.
Пазаўчора, 16 мая, палітычная паліцыя ГУБАЗіК затрымала выдаўца Андрэя Янушкевіча.
Гэтаму папярэднічала стварэнне заказных рэпартажаў з фальсіфікаванымі фактамі ў ТГ-каналах Азаронка і Гладкай, якія выкарыстоўваюцца спецслужбамі для апраўдання пагромаў. У рэпартажах пра рэйд у новаадкрытую кнігарню «Кнігаўка» аператары спецслужбаў акцэнтавалі ўвагу на паліцы з кнігай «1984».
Копія распараджэння аб забароне продажу кнігі не публікуецца з меркаванняў бяспекі людзей, якія яе перадалі. Невядома, колькі ўсяго кнігарняў і сетак кнігараспаўсюду атрымалі такое распараджэнне.