У Беларусі за няправільны пост будуць забіраць кватэры?

Таемна прыняты закон, па якім можна канфіскаваць маёмасць за «недружалюбныя дзеянні». Каго ён закране найперш?

_horad___stary_minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

16 студзеня ўступіць у сілу закон «аб канфіскацыі маёмасці», па якім улады змогуць забіраць грошы, нерухомасць і акцыі за «недружалюбныя дзеянні» ў дачыненні да РБ, вось толькі што будуць лічыць такімі, не прапісана. «Нямецкая хваля» даведалася ў юрыста і эканаміста, чаго чакаць беларусам і замежнікам, у якіх ёсць уласнасць у Беларусі.

Што прапісана ў законе?

Калі законы аб завочных судах і пазбаўленні грамадзянства па нараджэнні ўлады хаця б анансавалі, то закон аб канфіскацыі маёмасці быў прыняты таемна — 6 студзеня яго апублікавалі на сайце pravo.by, ужо падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

У дакуменце адзначана, што ён прыняты з улікам «неадкладнага і эфектыўнага рэагавання» на пагрозы нацыянальным інтарэсам дзяржавы ў выніку прынятых санкцый і накіраваны на забеспячэнне нацбяспекі, эканамічнай стабільнасці, абарону правоў і законных інтарэсаў беларускіх грамадзян і кампаній. Канфіскацыя адбываецца «па матывах грамадскай неабходнасці» — гэта фармулёўка з Канстытуцыі, дзе пазначаны выпадкі, калі права на прыватную ўласнасць можа абмяжоўвацца.

Падстава для канфіскацыі маёмасці — здзяйсненне «недружалюбных дзеянняў» у дачыненні да беларускіх грамадзян або арганізацый, прычым выкрыць могуць як юрыдычную, так і фізічную асобу незалежна ад грамадзянства або краіны рэгістрацыі бізнесу. Што такое «недружалюбныя дзеянні», у законе не прапісана. Ёсць спіс недружалюбных краін, зацверджаны ўрадам, у яго ўваходзяць заходнія дзяржавы, якія ўвялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Закон уступае ў сілу праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання, гэта значыць 16 студзеня, але яшчэ паўгода даецца Саўміну на прывядзенне ў норму прававых актаў у сувязі са зменамі. Дзяржкамітэт па маёмасці будзе падаваць заяву ў суд, дзе будзе пазначана маёмасць, якая падлягае канфіскацыі. Разглядаць усе справы будуць толькі ў Эканамічным судзе Мінска. Як вынікае з дакумента, паведамленнем будзе лічыцца анонс судовага пасяджэння на сайце Вярхоўнага суда за 10 дзён да пачатку працэсу. Разглядаць справу змогуць і ў адсутнасць патэнцыйнага «пазбаўленца». Канфіскаваныя грошы з рахункаў пералічаць у рэспубліканскі бюджэт, а на нерухомасць адменяць дзяржрэгістрацыю і выставяць на таргі. Судовыя выдаткі ў гэтым выпадку бярэ на сябе дзяржава. 

Што такое «недружалюбныя дзеянні», незразумела

Юрыстка Юлія Леванчук лічыць, што закон, у першую чаргу, разлічаны на замежных грамадзян, у якіх у Беларусі ёсць уласнасць. «Гэта нагадвае дзеянні еўрапейскіх дзяржаў, якія адбіраюць вілы і яхты ў расійскіх алігархаў, — кажа суразмоўца. — Каб адбіраць маёмасць у грамадзян Беларусі, і да таго хапала прававых механізмаў. Па крымінальных справах — у ходзе завочнага судовага разбіральніцтва як выкананне нанесенай дзяржаве шкоды».

На думку спецыялісткі, у законе шмат расплывістых фармулёвак, таму як ён будзе трактавацца, стане зразумела толькі на практыцы. «Што такое «недружалюбныя дзеянні»? Ні ў гэтым, ні ў іншых законах тлумачэння няма, — адзначае Леванчук. — Што значыць «асобы, якія знаходзяцца пад кантролем замежнай дзяржавы»? Да іх будуць адносіць людзей, у якіх ёсць від на жыхарства ў іншай дзяржаве ці дастаткова шэнгенскай візы? Што будуць лічыць «дзеяннямі, якія аказалі ўплыў на замежныя дзяржавы», і як будуць даказваць прычынна-выніковую сувязь? Дапусцім, чалавек напісаў пост у сацсетках з заклікам увесці санкцыі, але наўрад ці ў рэзалюцыі Рады Еўропы ёсць спасылка на гэты пост. Чым больш чытаеш закон, тым больш пытанняў».

У законе няма ўказання, за які перыяд будуць разглядаць здзяйсненне «недружалюбных дзеянняў». Паводле агульнага правіла, закон не мае зваротнай сілы, але ў дзеючай прававой практыцы нельга выключыць, што і гэты прынцып будзе парушаны.

Яраслаў Раманчук: «Улады ўзаконілі бандытызм»

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што прыняты закон пацвярджае, што ў Беларусі дэ-факта няма прыватнай уласнасці — улады ў любы момант па надуманых прычынах могуць «адціснуць і бізнес, і грошы».

«Прыняты закон дазваляе фармалізаваць гэтую працэдуру, — кажа эксперт. — Цяжка ўявіць, хто пры сваім  розуме пасля гэтага захоча набываць маёмасць у Беларусі, а тым больш інвеставаць у эканоміку дзяржавы, дзе ўлады ўзаконілі бандытызм. У 2022 годзе інвестыцыі ўпалі на 20%, і гэта тэндэнцыя апошніх чатырох гадоў. Пры такім рэжыме можна чакаць, што будуць уплывы па шэрых схемах, якія аформяць як інвестыцыі».

На думку Раманчука, першай хваляй «лішэнцаў» стануць лідары пратэсту, якія публічна заклікалі ўводзіць санкцыі. «Наўрад ці гэта закране простых беларусаў, па крайняй меры, у пачатку працэсу, толькі калі яны не былі вельмі актыўныя ў сацсетках і СМІ, — лічыць суразмоўца. — Другая хваля — кіраўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якія, нягледзячы на ціск, працягваюць працаваць у інтарэсах дэмакратычна настроеных беларусаў. Трэцяя хваля — бізнесмены, якія падтрымлівалі пратэст, ну а далей — проста тыя, у каго ёсць што адабраць. Не выключаю, што закон будуць выкарыстоўваць для застрашвання і ён стане дадатковым рычагом для карупцыі».