У 2023 годзе з’явілася 62 «экстрэмісцкія фармаванні». З іх 11 — незалежныя медыя

На сёння ў Беларусі існуе 169 «экстрэмісцкіх фармаванняў», з іх 62 прызналі ў 2023 годзе. Для параўнання: у 2022 годзе ў «пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» было ўнесена 80 пазіцый.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

З 2021 года за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) агулам асудзілі мінімум 130 чалавек (як правіла, гэты артыкул выкарыстоўваюць у абвінавачанні ў сукупнасці з іншымі крымінальнымі артыкуламі), адзначае ПЦ «Вясна».

«Ставіць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарнасці грамадзян»

У мінулым годзе Камітэт дзяржаўнай бяспекі прыняў 26 рашэнняў «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і забароне яго дзейнасці», а Міністэрства ўнутраных справаў — 35. Яшчэ адно рашэнне было прынята Вярхоўным судом.

Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на незаконнасць працэдуры прыняцця такіх рашэнняў:

«Рашэнні аб прызнанні «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прымаюцца ў адміністрацыйным, пазасудовым парадку КДБ ці МУС без давядзення да грамадскасці канкрэтных падстаў для прыняцця такіх рашэнняў. Спрошчаны механізм прызнання арганізацый «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а таксама адсутнасць у грамадзян доступу да інфармацыі і механізмаў судовай абароны ставіць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарнасці грамадзян, у тым ліку ў адказ на грубыя парушэнні правоў чалавека», — адзначалася імі.

Таксама праваабаронцы адзначаюць парушэнне правоў чалавека пры прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем», пры гэтым звяртаюць увагу на меры бяспекі грамадзян:

«Прызнанне суб'екта экстрэмісцкім фармаваннем татальна, пад пагрозай крымінальнага пакарання, абмяжоўвае правы і свабоды як суб'ектаў і іх удзельнікаў, гэтак і людзей, якія хочуць далучыцца да дэ-факта правамернай дзейнасці такіх суб'ектаў, выказацца пасродкам магчымасцяў, якія тыя даюць».

Глядзіце таксама

Сілавікі раяць, што пачытаць?

28 лютага па рашэнні КДБ «фармаваннем» была прызнаная Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Рашэнне КДБ Беларусі аб прызнанні Беларускай асацыяцыі журналістаў экстрэмісцкім фармаваннем з’яўляецца новай праявай ціску ўладаў на беларускія выданні і журналістаў, скіраванай на запалохванне і рэпрэсіі з мэтай спыніць такую важную для грамадства працу незалежных медыя», – заявілі ў адказ праваабаронцы.

15 лютага МУС уключыў у «пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» «Маланка медыя». У хуткім часе КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» «Брэсцкую газету», прызнаўшы яго ўдзельнікамі галоўнага рэдактара Віктара Марчука і яго намесніцу Таццяну Піскур.

16 траўня па рашэнні КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем» быў прызнаны MOST і сацсеткі гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча. Напрыканцы траўня пералік папоўніла гомельскае выданне «Штодзень».

9 чэрвеня МУС прызнаў «фармаваннем» Zerkalo.io. «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» быў унесены ў пералік па рашэнні Вярхоўнага суда 15 верасня. Напрыканцы лістапада КДБ сваім рашэннем уключыў у пералік барысаўскае выданне ex-press.live. У хуткім часе «экстрэмісцкімі фармаваннямі» былі прызнаныя тры медыя з Магілёва: «6TV Bielarus», «Магілёў Медыя», «Навіны Магілёўскага рэгіёну».

5 снежня МУС прыняў рашэнне аб прызнанні спартовага выдання Tribuna «экстрэмісцкім фармаваннем».

Летась у «пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» патрапілі сацсеткі блогераў Андрэя Павука і яго праект «Рудабельская паказуха», блогерка Вольга Павук, журналіст і медыяактывіст Валер Руселік з Youtube-каналам «Daroha», украінскі блогер Аляксандр Рыкаў «BalaganOff», а таксама блогерка Таццяна Мартынава.

Глядзіце таксама

«Экстрэмісты»: палітыкі, бізнесмены, студэнты і маці

У «пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ў 2023 годзе ўключалі незалежныя медыя, сацсеткі блогераў, музычны гурт, Telegram-каналы і -чаты (нават закрытыя), грамадскія арганізацыі і ініцыятывы.

16 студзеня 2023 года КДБ сваім рашэннем прызнаў гурт «Tor band» «экстрэмісцкім фармаваннем». 

«Экстрэмісцкімі фармаваннямі» былі прызнаныя шэраг палітычных апазіцыйных стуктур: «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне» пад кіраўніцтвам Паўла Латушкі, сацсеткі і сайт Святланы Ціханоўскай і нават закрыты Telegram-канал «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай», «Каардынацыйная Рада» і «Рада БНР».

У чэрвені ў пералік дадалі школу маладых менеджараў публічнага адміністравання «SYMPA», сузаснавальніца якой Таццяна Кузіна ўтрымліваецца за кратамі. 9 жніўня ў пералік паводле рашэння КДБ унеслі «Гомельскую Вясну» і былую журналістку Ларысу Шчыракову, калі над той адбываўся суд па іншых артыкулах.

У той жа дзень КДБ прызнаў «фармаваннем» «Startup Hub Imaguru». 23 жніўня МУС прызнаў Праваабарончы цэнтр «Вясну» і яго рэгіянальныя прадстаўніцтвы «экстрэмісцкім фармаваннем». 

Напрыканцы верасня ў пералік было ўключана «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў ЗБС». У хуткім часе «фармаваннем» прызналі «Союз матерей Беларуси» / «Союз матерей». Таксама ў пералік уключылі «Асацыяцыю беларускага бiзнесу за мяжой». 29 лістапада «фармаваннем» прызналі ініцыятвыву па дапамозе палітвязням Dissidentby.

Напрыканцы лістапада па ініцыятыве КДБ у пералік было ўключана «BELPOL». 26 снежня ў пералік уключылі «Новую Беларусь» — мабільную аплікацыю для Android і iOS, а таксама сайт Newbelarus.com, які дае спасылкі на розныя карысныя для беларусаў сэрвісы.