Трэшачок тыдня. Чаму Лукашэнка накрычаў на Пашыняна, а Бродскага прызналі «экстрэмістам»?

Лукашэнкаўская Беларусь працягвае ехаць з глузду, а «НЧ» працягвае адсочваць важныя прыпынкі на гэтым шляху. Сабралі чарговыя вар’яцтвы рэжыму ў адмысловым аглядзе за тыдзень.

1_617_logo.jpg

Лукашэнка і Пашынян: лепшая абарона — гэта атака

У пятніцу ў анлайн-фармаце прайшоў саміт АДКБ, галоўным пытаннем якога быў запыт чальца арганізацыі Арменіі да саюзнікаў — запыт аб дапамозе ў ваенным канфлікце з Азербайджанам. Саміт паказаў, што хвалёная арганізацыя калектыўнай бяспекі, якая некалі пазіцыянавалася ледзьве не як другое NATO, насамрэч пустышка. Бо дапамогі Ерэван, вядома, не дачакаўся, насуперак прапісаным у дамове гарантыям.
Чаму не дачакаўся? Ды зразумела: ніхто не хоча сварыцца з Азербайджанам, за якім стаіць магутная Турцыя. А Расія да таго ж захрасла ў «дэнацыфікацыі» Украіны — на два франты «мобікаў» аніяк не хопіць. То Арменію і пракінулі.

2_569.jpeg


Больш за ўсіх над гэтым завіхаўся Лукашэнка. «Вы запатрабавалі ад нас вызначыцца з нашай пазіцыяй. Вы што, не ведаеце нашу пазіцыю?! — абурана звярнуўся ён да наіўнага армянскага хлопца Пашыняна. — Мы хочам, каб паміж суседнімі дзяржавамі быў урэгуляваны канфлікт мірным шляхам».
У пэўны момант мінскі хаўруснік амаль перайшоў на крык: «Сядзьце з Ільхамам Аліевым, калі трэба — спытайце прэзідэнта Расіі, і прыміце рашэнне! Не прымеце сёння — будзе ж горш, вы ж самі гэта разумееце! Нам не патрэбны гэты канфлікт!».
І яшчэ: «Вы за што ваюеце?! За што ваюеце ў гэтых гарах на дзве тысячы метраў вышынёй? Загубілі тры сотні чалавек, тры сотні чалавек загінула — там, дзе людзі не жывуць, дзе нават козы не ходзяць. Чаго вы ваюеце?! Сядзьце ўдваіх, дамоўцеся, і хай Расія асвяціць гэтую дамову».
Мірны шлях… Сядзьце і дамоўцеся… За што ваюеце… Гэтыя словы, вядома, добра экстрапалююцца на падзеі ва Украіне, аднак у твар Пуціну Лукашэнка іх не скажа. Тут усё наадварот: саўдзел у агрэсіі, агрэсіўная прарасійская прапаганда, Кіеў за тры дні і чатыры пазіцыі, адкуль рыхтаваўся напад. Бо гэта, так бы мовіць, іншае.
Пашынян на саміце выглядаў пакрыўджаным. Застаецца чакаць, што Ерэван адносна АДКБ канчаткова ўсё зразумеў і зробіць пэўныя высновы.

Бродскі і «экстрэмізм»: буксірык па «схеме БЧБ»

photo_2022_10_25_17_56_58_yln31.jpg


Пра тое, што лукашэнкаўскія цэнзары прызналі «экстрэмісцкай» кнігу «Балада пра маленькі буксір» славутага паэта, нобелеўскага лаурэата Іосіфа Бродскага, вы, канечне ж, ведаеце. Як не ведаць, калі пра гэтую бздуру пісалі медыя, уключна з «НЧ». Дадамо, хіба, крыху падрабязнасцей. Як патлумачыў выдавец Андрэй Янушкевіч (а менавіта ягоная «Кнігаўка» выпусціла той самы экзэмпляр), прычынай рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска сталі колеры таго самага буксірыка на вокладцы. Так, угледзелі «схему БЧБ» пільныя сокалы рэжыму.
«За ўвесь час ні мне, ні камусьці, хто меў дачыненне да выхаду, нават думка не прыходзіла асацыяваць выявы буксіра цёмна-аранжавага колеру з нашымі нацыянальнымі сімваламі. Такіх думак, нават жартам, не выказваў ніхто з нашых пакупнікоў. Не бачыў я іх і ў сацсетках. Першым, хто ўбачыў у малюнках пагрозу для беларускага рэжыму, быў адзін з губазікаўцаў», — патлумачыў Янушкевіч.
На гэтым, уласна, можна ставіць кропку, бо клініка відавочная. Але ж хай пакуль будзе коска. Бо, як кажуць, адразу накацілі флэшбэкі. Памятаеце, як самааддана ў 2020 годзе рэжым змагаўся з усім чырвона-белым? З вопраткай, шкарпэткамі, парасонамі, кветкамі і стужачкамі ў дварах… Дык вось вынікае, што імпэт нікуды не дзеўся. Дагэтуль раз’юшвае лукашэнкаўцаў вядомае спалучэнне колераў. Не прамінаюць нават асобна ўзятых нобелеўскіх лаўрэатаў.
То варта акрэсліць фронт наступных прац для ўладаў па выкараненні «экстрэмісцкіх» праяваў. Трэба тэрмінова перафарбаваць машыны «Хуткай дапамогі» — там спрэс дэструктыўшчына. Мазоляць вочы і трубы электрастанцый па ўсёй краіне — з імі змагаліся два гады таму, але недастаткова. Па вялікім рахунку, конь там не валяўся. Што яшчэ… Чырвоную памаду пад забарону, бо як усміхнецца якая з жанчын — адразу «экстрэмізм» да вушэй. Ну і, натуральна, памідоры са смятанай, зрэшты, супраць памідораў ваяры ў пагонах ужо хадзілі ў крынжовыя паходы. Але ж прымусь дурня богу маліцца…

Хэлоўін і рэжым: не нашае свята

3_508.jpg


Невычарпальная крыніца трэшачку — гродзенская праўладная актывісткаВольга Бондарава. Пайшоў трэці год, як яна няўрымсліва змагаецца з усім беларускім — з нацыянальнымі каштоўнасцямі і гісторыяй, з нядобранадзейнымі святарамі і ЛГБТ, з няправільнымі выставамі і персанальна з памерлым сёлета прафесарам Адамам Мальдзісам.
Але вось надоечы «кіберказачка», як яе празвалі сатырычныя каналы, пашырыла гарызонты і ўзялася за Хэлоўін. Як піша «Н*ша Ніва», Бондарава звярнула ўвагу на інсталяцыю са шкілета і гарбузоў каля адной з устаноў горада, дзе жартоўна падрыхтаваліся да сустрэчы Хэлоўіна. Дый накінулася на яе, маўляў, не наша свята — суцэльны сатанізм. Тым больш у доме, побач з якім месцілася тая інсталяцыя, жыў загінулы «афганец», то наогул вашыя гарбузы ёсць блюзнерства.
Часы зараз такія, што да гэткіх інспектараў маралі прыслухоўваюцца ўлады — бо ці мала што, яна і да Лукашэнкі дойдзе са сваімі скаргамі. Праз нейкі час гродзенскія ідэолагі паварушыліся і кампазіцыя пра Хэлоўін знікла. Пра што Бондарава з задавальненнем адсправаздачылася ў сваім тэлеграм-канале.
Што ж, Хэлоўін перамаглі. Чакаем наступу на Дзень Святога Валянціна і, каб два разы не ўставаць, Святога Патрыка.

Швед і школьнікі: усе на генацыд

5_438.jpg


Шмат гадоў таму, калі ва Украіне яшчэ быў мір, Віктар Януковіч балатаваўся ў прэзідэнты і паехаў агітаваць у Львоў. Дый ляпнуў там незабыўнае, што сеціва будзе памятаць вечна. «Тут сабраліся лепшыя генацыды краіны!» — звярнуўся да грамадзян будучы ўладальнік залатога батона. Кажуць, хацеў сказаць «лепшы генафонд», але атрымалася як атрымалася.
У Беларусі таксама ёсць чалавек, які літаральна жыве генацыдам. Гэта генеральны пракурор Андрэй Швед, які працягвае апантана ўкараняць у масы палітычна матываваную справу аб генацыдзе беларускага народа падчас Другой сусветнай. Гэтым разам ён дабраўся да школьнікаў.
Вучні сышлі на канікулы, але разняволіцца ім, відаць, не дадуць. Генпракурор прыдумаў вадзіць іх на выставы аб генацыдзе.
«Мы цяпер арыентуем пракурораў, каб яны максімальна пры ўдзеле органаў адукацыі арганізавалі наведванне школьнікамі выстаў аб генацыдзе беларускага народа, іншых мерапрыемстваў, якія з'яўляюцца важным складнікам ідэалагічнай працы сярод падлеткаў», — сказаў Швед.
А мы скажам, што канікулы на тое і канікулы, каб дзеці адпачывалі і будавалі свае планы без удзелу правільна арыентаваных пракурораў. Але, выглядае, справа аб генацыдзе не надта ўражвае беларусаў, нягледзячы на тое, што ўлады яе раскручваюць, не шкадуючы ні высілкаў, ні грошай. То трэба не толькі тэматычныя выставы арганізаваць, а і сілком цягнуць туды ўдзячных наведвальнікаў. Нічога незвычайнага для сучаснай Беларусі з яе паўсядзённым трэшачком на ўсіх узроўнях.