Што здарылася каля Зябраўкі, дзе ўначы чулі выбухі?

Каля беларускага аэрадрома Зябраўка на Гомельшчыне, дзе цяпер стаяць расійскія войскі, мясцовыя жыхары сёння ўначы чулі выбухі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__18_.jpg

Спачатку ў беларускіх тэлеграм-каналах, якія былі прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі, адзначалася, што выбухі прагучалі паміж 0:25 і 0:32 паводле мінскага часу. Пазней інфармацыя з’явілася ў разнастайных СМІ, у тым ліку ўкраінскіх.

Сёння раніцай беларускае Міністэрства абароны паведаміла, што выбухі і ўспышкі на аэрадроме «Зябраўка», пра якія ноччу паспелі паведаміць тэлеграм-каналы і СМІ, звязаныя з узгараннем тэхнікі.

«Паведамляем, што 10 жніўня каля 23 гадзін падчас кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося яго ўзгаранне. Асабістым складам своечасова прынятыя меры па тушэнні. Пацярпелых няма», — гаворыцца ў заяве ведамстве ў тэлеграме.

Застаецца толькі пытанне, чаму не супадае час здарэння, і што насамрэч адбылося на аэрадроме «Зябраўка», які цалкам кантралюецца войскамі ўсходніх суседзяў. Цяпер там знаходзіцца расійская ваенная база, з якой не раз запускаліся ракеты па гарадах Украіны.

ВВС прыгадвае, што на тэрыторыі аэрадрома знаходзіцца ракетны дывізіён ракетнага комплексу «Іскандэр-М» і дывізіён С-400. Пра гэта казаў у пачатку ліпеня намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў.