Супрацьстаянне Захаду афарбоўкай бардзюраў. Як у Беларусі прайшоў суботнік
У Беларусі адбылася адна з найбольш насычаных на крынж падзей года — суботнік. Сёлета ўлады абвясцілі новую пераважную мэту мерапрыемства: гэта не навядзенне парадку і нават не ўмацаванне «адзінства», а збор сродкаў на «воінскую славу». Хаця, падаецца, сапраўднай мэтай з’яўляецца жаданне стварыць для нас кантэнт з падвышанай канцэнтрацыяй «іспанскага сораму».
Як паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, пералічваюцца ў абласныя выканкамы і Мінскі гарадскі выканкам. Пры гэтым адзначаецца, што 35% сродкаў будуць накіраваныя на стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, яшчэ 35% — на выкананне работ у мемарыяльным комплексе «Дзецям — ахвярам вайны» ў Красным Беразе Жлобінскага раёна.
30 адсоткаў вылучаць на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, размешчаных па розных рэгіёнах краіны і ў сталіцы.
Хаця напачатку рэліза і згадваецца магчымасць пераводу сродкаў на рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, далей прамовы пра будзь-якія славутасці, акрамя тых, што адносяцца да «воінскай славы», не ідзе. Тут жа мільгае «год якасці», у межах якога першапачаткова важна звярнуць увагу менавіта на помнікі дзядам.
«У наш час на фоне ўзброеных канфліктаў і перапісвання Захадам мінулага вельмі важна абараніць праўду і перадаць яе будучым пакаленням», — так гучыць адна з мэтаў суботніка.
Барысаўскі опытны лясгас у сваім Instagram зрабіў публікацыю з вельмі іранічным подпісам, які больш-менш адлюстроўвае рэальнае жаданне беларусаў марнаваць выходны дзень на выкананне абавязкаў камунальных служб і адпаведных інстанцый.
«А зараз вельмі выдатная навіна: падчас уборкі тэрыторыі далучыўся хлопчык з найбліжэйшых дамоў ДАБРАВОЛЬНА! За ўдзел у суботніку Арцём атрымаў невялікі падарунак ад лясгаса».
Тым самым, выпадкова ці з агаворачкай па Фрэйду, добраахвотна-прымусовая канцэпцыя ўдзелу ў ініцыятыве фактычна пацверджана.
Мясцовая газета «Горацкі веснік» прадстаўляе адразу чатыры артыкулы, прысвечаныя «маштабнасці ўдзельнікаў талакі» і «праяўлення патрыятызму з бадзёрым настроем». Тры з іх дэманструюць высаджванне няшчасных парасткаў дрэваў, збор і спаленне смецця ды іншыя базавыя абавязкі камунальнікаў. Таксама выконвацца традыцыйныя бессэнсоўныя работы накшталт бялення непладаносных дрэваў і афарбоўкі парканаў, што не выходзяць з штогодняга быту беларускіх бюджэтнікаў яшчэ з савецкіх часоў.
Суботнік у Горках. Фота: Горацкі веснік
Чацвёрты артыкул прысвечаны «адзінству народаў» — ля сельскагаспадарчай акадэміі была закладзена адпаведная алея. Нагадаем, калі 2021 год быў прызначаны «годам адзінства беларускага народа», то цяпер у нашай краіне ўсталёўваюць манументы адзінству народаў Беларусі і Расіі. Хаця, варта адзначыць, падобныя падзеі вельмі прадметна дэманструюць, чаго каштуе гэтае «адзінства» — дзясятка самых танных раслін з будаўнічай крамы і бескаштоўнага валуна з таблічкай.
Такое ж і «адзінства» — каменнае, штучнае, бяздушнае.
Адкрыццё Алеі адзінства народаў Беларусі і Расіі ў Горках. Фота: Горацкі веснік
Перамяшчаемся ў суседнюю Оршу. Не, гэта не шайка бандытаў з 90-х на пахаванні аўтарытэта.
Гэта аршанскія міліцыянты прыбіраюць помнік ахвярам нацызму. Перад пачаткам працы намеснік начальніка Аршанскага РУУС па ідэалагічнай рабоце Андрэй Касенка «распавёў аб трагічных падзеях у гады Вялікай Айчыннай вайны, звязаных з гэтым месцам». Міліцыянты ўшанавалі памяць хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да памятнага месца ахвярам генацыду (ці па меншай меры зрабілі выгляд).
Міліцыянты на суботніку ў Оршы. Фота: Аршанская газета
У Слоніме супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў вырашалі прамыя абавязкі дарожных служб, а менавіта займаліся прыбіраннем наплываў бруду, якія ўтвараюцца праз адкрыты грунт, няправільна арганізаваную дрэнажную сістэму (ці яе адсутнасць) і жудаснае пакрыццё. Нагадаем, Лукашэнка загадаў прывесці ўсе дарогі ў краіне ў выдатны стан да 9 траўня.
Мясцовая «раёнка» матывуе выходзіць на неаплатную працу ўмацаваннем здароўя і мікраклімату ў калектыве дзякуючы фізічнай нагрузцы, збліжэннем калег на свежым паветры, прывіцця любові да роднага краю праз прывядзенне ў парадак помнікаў воінскай славы. Такія ж тэзісы апісаны ў артыкулы мазырскай раённай газеты.
Прыбіранне дарог у Слоніме. Фота: Слонімскі веснік
У Калінкавіцкай дзіцяча-юнацкай школе №1 дзяцей прымушалі працаваць з малярнай фарбай, а менавіта фарбаваць парканы і прыступкі школьным ганку. Пра эстэтычны складнік дадзенай творчасці можна разважаць багата, а вось факт далучэння дзяцей да небяспечнага рэчыва выключна жудасны. Атрутныя пары малярнай фарбы могуць выклікаць алергічныя рэакцыі не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Пры значным удыханні на працягу працяглага часу магчымая страта прытомнасці ці атручванне.
Дзеці фарбуюць тэрыторыю вакол школы ў Калінкавічах. Фота: Instagram: @sdushor_1k
Тым не менш, мы знайшлі выпадкі, у якіх выкананыя работы маюць больш-менш лагічны выраз. Так, у Глыбокім на Віцебшчыне суботнік прайшоў без прывязак да пераможнага цемрашальства ды іншых скрэпаў, характэрных для вышэй пералічаных мерапрыемстваў. У артыкулах мясцовых газет адсутнічаюць будзь-якія згадкі пра «дзядоў», замест памяці мэтай мерапрыемства называецца імкненне да дабрабыту, а нешматлікія ўдзельнікі наўпрост высадзілі туі ды разышліся па дамах.