Супрацоўнікі ТВВОД (ОСВОД), якія ратавалі ўчора людзей у Свіслачы, на Акрэсціна
Такая інфармацыя з'явілася ў некаторых тэлеграм-каналах.
Так, па інфармацыі з некалькіх незалежных адна ад адной крыніцаў, увечары 6 верасня былі затрыманыя выратавальнікі, якія выцягвалі з вады тых, хто скочыў у Свіслач, ратуючыся ад амапаўскага хапуна. Адна з крыніцаў паведамляла @euroradio, што шасцёра супрацоўнікаў станцыі таварыства па выратаванні на водах, якая месціцца на Камсамольскім возеры, увечары знаходзіліся ў Цэнтральным РУУС Мінска.
Сёння Еўрарадыё стала вядома, што супрацоўнікі АСВОД, якія ўчора ратавалі пратэстоўцаў са Свіслачы, знаходзяцца ў мінскім ізалятары на завулку Акрэсціна.
Учора было затрымана ад 6 да 8 выратавальнікаў. Колькі дакладна — у арганізацыі пакуль не ведаюць, бо ў часткі супрацоўнікаў сёння выходны дзень, і яны і так не мусілі з'явіцца на працоўным месцы.
Адна з мясцовых жыхарак напісала ў чаце раёна, што сёння раніцай хадзіла на станцыю. Там быў адзін чалавек, сказаў што здаецца траіх супрацоўнікаў арыштавалі, хто быў на катэрах. Але ён дакладна не ведае, сёння толькі выйшаў на працу. Жанчына падзякавала, перадала прысмакі, пакінула тэлефон, калі арыштаваным спатрэбіцца нейкая дапамога з упалатами штрафаў і г.д.
Нагадаем, 6 верасня пасля таго, як удзельнікі Марша адзінства амаль разыйшліся, сілавікі зладзілі хапун у парку Перамогі. Каб пазбегнуць затрыманняў, пратэстоўцы скочылі з набярэжнай у Камсамольскае возера. Там іх падабралі выратавальнікі — і пераправілі на іншы бераг возера, дзе знаходзіцца іх станцыя.