Старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага выклікалі на допыт у Следчы камітэт

Як пішуць праваабаронцы, Бяляцкі выкліканы на допыт у якасці сведкі. Выклікаюцца на допыты таксама праваабаронцы ў Светлагорску і Мазыры.

bialiacki_tutby.jpg


Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», адзначае сайт «Вясны».

Фактычна, за сакавік-красавік праз допыты і затрыманні па справе «Вясны» прайшло некалькі дзясяткаў праваабаронцаў, валанцёраў і журналістаў у многіх гарадах Беларусі.

Нагадаем, 16 лютага, у межах крымінальнай справы адбыліся дзясяткі ператрусаў у сябраў арганізацыі, а таксама на офісе ПЦ «Вясна» на пр. Незалежнасці 78а і на Мяржынскага ў Мінску, а ў другой палове дня — дома ў старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.

Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).

Больш за 50 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, уключаючы «Amnesty International», выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх улад выконваць свае абавязацельствы паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, спыніць пераследы праваабаронцаў.

Рада ПЦ «Вясна» выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцей правоў чалавека і дэмакратыі.