«Станьце побач з намі пад гэтым абстрэлам, нам будзе не так страшна і балюча "паміраць"»

Кіраўніца Рады грамадскага аб'яднання «Звяно» Таццяна Гацура-Яворская на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміла, што ўлады маюць намер ліквідаваць арганізацыю: днямі яна атрымала папярэджанне ад Мінюста. 

Таццяна Гацура-Яворская, фота з сацыяльных сетак

Таццяна Гацура-Яворская, фота з сацыяльных сетак


«Гэты раўнд мы хутчэй за ўсё прайграем і нас закрыюць, але гэта не значыць, што трэба проста здацца і не рабіць спробаў адстаяць. Калі вам важна тое, што мы рабілі, выкажыце салідарнасць і ўступіце ў "Звяно". Станьце побач з намі пад гэтым абстрэлам, нам будзе не так страшна і балюча "паміраць"»,напісалаТаццяна Гацура-Яворская.
У сувязі з папярэджаннем «Звяно» выступіла з афіцыйнай заявай.
У красавіку 2021 у офісе арганізацыі, а таксама дома ў актывістаў арганізацыі, прайшлі ператрусы і канфіскаваныя тэхніка, дакументы, грошы. Пяцёра актывістаў былі арыштаваныя і на дадзены момант за кіраўніком арганізацыі замацаваны статус падазраванай па крымінальным артыкуле «Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны удзел у такіх дзеяннях».
У арганізацыі падкрэсліваюць, што такіх дзеянняў не рабілі, а займаліся абаронай правоў чалавека выключна законнымі спосабамі.
«9 чэрвеня наша арганізацыя атрымала пісьмовае папярэджанне ад рэгіструючага органа, Галоўнага ўпраўлення Міністэрства юстыцыі, аб парушэнні нашым аб'яднаннем дзеючага заканадаўства.Паводле меркавання спецыялістаў Мінюста, маніторынг працы сістэмы аховы здароўя, які праводзіцца Звяном у перыяд эпідэміі, супярэчыць заканадаўству і Статуту арганізацыі, але ажыццяўленне такой дзейнасці прама прадугледжвае Статут ПСГА "Звяно", сярод задач і метадаў дзейнасці якога — аналіз грамадскіх, сацыяльных праблем сем'яў, пошук шляхоў іх вырашэння; збор і аналіз інфармацыі, накіраванай на прапаганду здаровага ладу жыцця, абарону сем'яў, мацярынства, дзяцінства.
Паказана, што 19 траўня на наш адрас накіравана праграма праверкі адпаведнасці дзейнасцi патрабаванням заканадаўства і Статута, згодна з якой мы павінны былі прадаставіць інфармацыю і дакументы, аднак мы не атрымлівалі гэты ліст; акрамя таго, дакументы, тэхніка і нават пячатка знаходзяцца ў Следчым камітэце на экспертызе, і мы фізічна не можам даць усю патрэбную інфармацыю.
Паказана, што на сайце арганізацыі размешчана задача, якой няма ў Статуце, аднак на сайце названы задачы са Статута аб'яднання, мае месца толькі перастаноўка слоў, якая не скажае сэнс: на сайце — "прасоўванне ідэй гуманных, маральных, талерантных, антыдыскрымінацыйных, адкрытых і адказных узаемаадносін у грамадстве", у Статуце — "прасоўванне ў грамадстве ідэй гуманных, маральных, талерантных, антыдыскрымінацыйных, адкрытых і адказных узаемаадносінаў".
Такім чынам, мы прыйшлі да высновы, што вынесенае папярэджанне аб парушэнні заканадаўства з'яўляецца беспадстаўным, палітычна матываваным і арганізацыю хочуць ліквідаваць», — зазначаецца ў заяве «Звяна».
Сябры аб'яднання звяртаюцца да ўсіх неабыякавых грамадзян па ўсім свеце: калі ўлады Беларусі знішчаць арганізацыю, хай гэта будзе самая вялікая па колькасці ў Беларусі арганізацыя з годнымі і паважанымі ў грамадстве сябрамі.
Да 18 чэрвеня у Мінюст трэба прадаставіць спісы сяброў арганізацыі. Калі вы хочаце праявіць салідарнасць са «Звяном», запоўніце форму.
Асветніцка-сацыяльнае грамадскае аб'яднанне «Звяно» было зарэгістравана ў жніўні 2013 года. За час існавання рэалізавала шэраг праектаў і ініцыятыў, сярод якіх:

  • Штогадовы Міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus, прэмія для беларускіх рэжысёраў-дакументалістаў;
  • Служба бэбі-сітарства для адзінокіх бацькоў хворых на алкагалізм, каб яны маглі рэгулярна наведваць групы ананімных алкаголікаў і тым самым заставацца цвярозымі;
  • Праграма рэабілітацыі і сацыялізацыі былых зняволеных, якая ўключала бясплатныя кансультацыі, курсы базавых навыкаў карыстання кампутарам і працу з псіхолагам;
  • Маніторынг працы сістэмы аховы здароўя ў перыяд эпідэміі;
  • Адвакацыйныя дзеянні па змяненні алкагольнай палітыкі ў краіне, у тым ліку першы ў гісторыі онлайн-марафон НЕ-залежнасці, дзе на працягу 24 гадзін у прамым эфіры абмяркоўваліся праблемы, звязаныя з залежнасцямі;
  • Выстава ў падзяку медыцынскім работнікам Беларусі «Машына дыхае, а я — не», прысвечаная праблеме палітызацыі сістэмы аховы здароўя і гвалту, з якім сутыкнуліся медыкі (была закрытая ўладамі праз два дні пасля адкрыцця, а актывісты падвергнуты пераследу);
  • Арганізацыя з'яўляецца аўтарам дакладу аб парушэнні правоў чалавека ў перыяд 7-14 жніўня 2020 года, аказвала дапамогу пацярпелым у шпіталях, а таксама сузаснавальнікам Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў (уваходзіць у склад кіруючага камітэта Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці);
  • Набыццё ў дар Віцебскаму цэнтру сучаснага мастацтва кнігі Казіміра Малевіча «Бог не скінуты» і іншыя праекты.