«Стань адвакатам — стань лепшым!» Справа Данілевіча і пераслед за прафесію
Рэжым пераследуе адвакатаў за дапамогу ўдзельнікам пратэстаў і пацярпелым ад рэпрэсій. За кратамі на дадзены момант знаходзяцца чацвёра адвакатаў, а ўчора пачаўся судовы працэс над іх калегам Аляксандрам Данілевічам.
Учора ў Мінску пачаўся суд па справе вядомага адваката Аляксандра Данілевіча. Яго кліентамі былі прадстаўнікі страйкамаў і Фонду спартыўнай салідарнасці. Цяпер за юрыдычную дапамогу яму пагражае турэмны тэрмін.
Адваката абвінавачваюць у тым, што з 17 жніўня 2020 года па 1 сакавіка 2021 года ён падрыхтаваў і адрэдагаваў тэксты не менш чым трох зваротаў ад прадстаўнікоў «страйкавых камітэтаў» на адрас нарвежскай кампаніі «Yara». Акрамя таго, Данілевіч даў інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» інтэрнэт-рэсурсу, але не паведамляецца, якому менавіта.
На думку праваабарончых арганізацый, інкрымінуемыя Данілевічу падрыхтоўка лістоў і дакументаў на адрас нарвежскай кампаніі «Yara» як «яркі прыклад злачыннай дзейнасці» з'яўляецца законным дзеяннем у рамках аказання юрыдычнай дапамогі, таму што яны павінны былі заклікаць кампанію «Yara» да захавання стандартаў бізнесу і правоў чалавека і сваіх абавязацельстваў у гэтай сферы, якія замацаваны ў асноўных прынцыпах прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека ААН і карпаратыўных палітыках самой кампаніі.
Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеянняў ва Украіне. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін.
Данілевіч быў затрыманы 20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы. Пэўны час сутнасць справы не была вядомая, аднак пазней высветлілася, што адваката вінавацяць паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»).
Калі Аляксандр зразумеў, што ён за кратамі надоўга, вырашыў, што яго задача — захаваць сябе фізічна і псіхалагічна. У лістах ён стараецца жартаваць і нават падтрымліваць сяброў. Падчас знаходжання Данілевіча за кратамі памерла яго маці, развітацца з ёй ён не змог.
«Ён рэальна ацэньвае сітуацыю, не песціць надзей і разумее, што яму дадуць істотны тэрмін», — піша «Нямецкая хваля» са спасылкай на крыніцу, якая была з Данілевічам у СІЗА.
«Справа Данілевіча — першы выпадак, калі адваката нахабна караюць за яго прафесійную дзейнасць, — мяркуе эксперт праекта «Права на абарону» Максім Палавінка. — Яго абвінавачваюць у аказанні юрыдычнай дапамогі кліентам, гэта значыць цяпер складанне дакументаў і пазіцыі, чым кожны дзень займаюцца ўсе адвакаты, улада называе злачынствам».
Так парушаецца базавы стандарт — адвакат аддзелены ад кліента, ён не можа несці адказнасці за яго дзеянні і словы. «Інакш што нас чакае? Адвакатаў, якія абараняюць абвінавачаных у карупцыі або забойстве будуць судзіць за саўдзел у злачынстве? Гэта не толькі супярэчыць закону, але і здароваму сэнсу», — падкрэслівае Палавінка.
Калега Данілевіча, адвакат Дзмітрый Лаеўскіпракаментаваў пераслед адвакатаў так:
«Начальства пачало апантаную рэкламу адвакатуры. Вось іх маркетынгавы шэдэўр.
Характэрна, што зазываюць моладзь "у шэрагі" адвакацкай супольнасці. І гэта правільна. Менавіта ў шэрагі. Таму што ў сённяшняй калегіі адвакатаў, як у шэрагах Узброеных сіл, будзь гатовы хадзіць строем. Маўчы і ўдавай захапленне наконт курсу дзяржавы.
Заклікі ў адвакатуру тлумачацца проста — эканомікай. Калі за 2 гады больш за 1/4 адвакатаў рэспублікі былі выціснутыя з прафесіі, то аказалася, што ўнёскаў з пакінутых не дастаткова. Унёскі павысілі. Але і гэтага мала. Няма за што забяспечыць існаванне створаных калегіяй юрыдычных кансультацый, частку давядзецца закрыць. Не хапае адвакатаў і для працы па прызначэнні. Шмат нязручнасцей.
А сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс над Аляксандрам Данілевічам — яркім і таленавітым адвакатам, кандыдатам навук, арбітрам. За аказанне юрыдычнай дапамогі яму выстаўлена крымінальнае абвінавачанне. А калегія не выступіла ў абарону.
Надпіс на рэкламе: "Стань адвакатам — стань лепшым!"».
Нагадаем, на сённяшні дзень у Беларусі па палітычных справах асуджаныя чатыры адвакаты: Максім Знак за працу ў штабе Віктара Бабарыкі атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі, Віталь Брагінец за заклікі да санкцый, удзел у пратэстах, каментары пра сілавікоў і мадэраванне адвакацкага чата прысуджаны да 8 гадоў, Міхаіл Макараў — год пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах, Андрэй Мачалаў — два гады «хіміі» за выкарыстанне адвакацкага пасведчання пасля пазбаўлення ліцэнзіі. Вядома яшчэ пра пецярых абаронцаў, якія знаходзяцца ў СІЗА ў чаканні суда, усе яны прызнаныя палітвязнямі.