Справы за белыя аркушы адправілі на дапрацоўку
Пратаколы на былога палітвязня Зміцера Паліенку і яго сяброўку Насту Гусеву адправілі на дапрацоўку. Падставай пратоколаў і затрымання стала серыя фотаздымкаў, на якіх маладзёны стаяць ля будынка Заводскага РАУС з чыстымі аркушамі паперы.
Увечары 28 лютага стала вядома, што суд Заводскага раёна г. Мінска адправіў пратаколы правапарушэння, складзеныя на актывістаў Змітра Паліенкі і Насты Гусевай па арт. 23.34 КаАП на дапрацоўку. Суд у Насты Гусевай скончыўся а 18.40, паведамляе ПЦ «Вясна».
"Вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя адразу абвясціла перапынак. А потым матэрыялы справы адправілі для ўстаранення недахопаў", — паведамляюць актывісты праваабаронцам "Вясны".
Да суда Зміцер Паліенка і Наста Гусева знаходзіліся ў ІЧУ. Вядома, што Насты Гусевай не давалі магчымасці сустрэцца з адвакатам. Са сваім абаронцам яна змагла сустрэцца толькі на судзе.
Нагадаем, зранку 26 лютага ў кватэру Зміцера Паліенкі пачалі ламіцца міліцыянты. Падставай для пераследу стаў нібыта ўдзел маладзёнаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Таксама іх абвінавацілі ў экстрэмізме.
Пікантнасць сітуацыі ў тым, што акцыі насамрэч не было: Паліенка і Гусева сфатаграфаваліся ля РАУС з чыстымі аркушамі паперы, надпісы былі зроблены пазней з дапамогай кампутарнай апрацоўкі.
За фота з белымі аркушамі паперы каля РУУС Заводскі РУУС Мінска 26 лютага склаў на актывістаў пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадка аб правядзенні масавых мерапрыемстваў).
Аналагічны выпадак раней адбыўся з Пятром Маркелавым, які нібыта сфатаграфаваўся каля будынка МУС з плакатам «Заблакуйце 86.57.250.202». Гэтыя лічбы — IP-адрас сайта Міністэрства ўнутраных спраў. Гэтым Маркелаў выказаў сваю нязгоду з блакіроўкай шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку сайту руху «Дзея», сайту ініцыятывы за дэкрыміналізацыю 328 артыкула Крымінальнага кодэкса. Потым выявілася, што фотаздымак быў зроблены ў фоташопе, акцыі не было. Але гэта не перашкодзіла Маркелаву правесці ноч на Акрэсціна.