Справа «Прэс-клуба» вельмі падобная да справы tut.by

Здаецца, фігуранты справы «Прэс-клуба» проста сядзяць за кратамі, з імі не адбываецца ніякіх следчых дзеянняў. 22 снежня па гэтай справе затрымалі 5 супрацоўнікаў установы, сярод іх — заснавальніца Юлія Слуцкая і яе сын Пётр, супрацоўнік «Прэс-клуба».

Аляксандра Слуцкая

Аляксандра Слуцкая

Затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клуба» вінавацяць у нясплаце падаткаў у вялікім памеры. І гэтая справа вельмі падобная да справы tut.by.

Якія навіны з-за кратаў ад Юліі Слуцкай і Пятра, расказвае ў эфіры «Радыё Рацыя» Аляксандра Слуцкая — дачка заснавальніцы «Прэс-клуба»:

— Вынікаў падатковай праверкі дасюль няма. Хаця па законе яна павінна быць праведзена на працягу аднаго месяца. Але яе проста прыпынілі. Следчых дзеянняў з удзелам мамы, брата і астатніх калег не праводзіцца. То-бок, не адбываецца нічога, яны проста сядзяць.

— Атрымліваецца, што следства зацягваецца наўмысна?

— Так. Хадайніцтва пра змену меры стрымання адхіленае, зразумела. Адвакат раз на тыдзень наведвае маму, і дзякуючы гэтаму я ведаю, што яна больш-менш нармальна сябе адчувае. Хоць у яе моцна пагоршыўся зрок і яна не можа пісаць лісты. У яе кашаль, які не спыняецца. Яўна ад цыгарэт, бо ўсе жанчыны ў камеры, акрамя мамы, паляць. Вось такі «ЗЛЖ» атрымліваецца: рухацца нельга, паліць — можна. Карысную ежу перадаваць нельга, шкодную — можна.

— Зміцер Дашкевіч, напрыклад, у нашым эфіры расказваў, што там адмысловыя ўмовы для палітвязняў ствараюцца. Ці ёсць у вас інфармацыя, што неяк адмыслова ставяцца да людзей, якія сядзяць па палітычных матывах, чым да іншых?

— Не ведаю наколькі гэта звязана са статусам палітвязня, але быў момант, калі маму нечакана перавялі ў іншую камеру. Яна была транзітная, вельмі брудная, па сценах сцякала вада і наўпрост ля ўзгалоўя нараў была чорная цвіль. Пры гэтым выцяжкі былі запаяныя. Сукамерніцамі былі наркаманка, якая ўсю ноч гарлапаніла, другая міма прыбіральні «хадзіла», была жанчына з цяжкай формай псарыязу. Прасядзела мама ў гэтай камеры дзесьці пяць ці шэсць дзён, а пасля яе вярнулі назад у камеру. Што гэта было — мы не разумеем.

Мама жартавала, што яе туды адправілі як «носьбіта турэмнага досведу». Але, як расказвала мама, паўсюль — людзі. І добрыя, і дрэнныя.

— Ваша мама сядзіць у адной камеры з Анжалікай Борыс. Агнешка Рамашэўска-Гузы, дырэктарка «Белсата», расказвала, што Анжаліцы Борыс прапаноўвалі дэпартацыю.

— Так, яе вазілі ў Следчы камітэт на сустрэчу з консулам. І прапанавалі дэпартацыю. Але яна адмовілася.

Гутарыў Улад Грынеўскі, «Беларускае Радыё Рацыя»