Спевы, танцы, віно і шмат ежы: цэнтр Мінска на адзін дзень стаў часткай Грузіі (фота)
Грузія, як і Беларусь, сёлета святкуе свае 100 гадоў
дзяржаўнасці ў якасці рэспублікі. І першага верасня на Плошчы Свабоды
прайшла традыцыйная «Тбілісоба» – фестываль самабытнай грузінскай
культуры ў Мінску.
Адмыслова да свята арганізатары падрыхтавалі спіс са 100 спраў на фестывалі, якія дапамогуць больш дазнацца пра гісторыю і культуру і атрымаць асалоду ад смачнейшай ежы. А на фэст прыехаў сам Каха Каладзэ – мэр Тбілісі і самы знакаміты футбаліст Грузіі.
На фудкорце прадстаўлена больш за 30 страваў нацыянальнай кухні, але ў спіс спраў, абавязковых на фестывалі, уключылі дэгустацыю пяці самых вядомых: лёгкая закуска пхалі, суп-харчо, хінкалі, дэсерт чурчхела з арэхаў і соку вінаграда, а таксама знакамітай мінеральнай вады. Ежа прадстаўлена з усіх 12 рэгіёнаў Грузіі, уключаючы Абхазію і Асетыю, якая перш за ўсё знакамітая сваімі пірагамі.
Забаўляльная праграма сёлета дужа вялікая і для ўсіх ўзростаў. Гэта і парк актыўнасцей са скаладромам і міні-сёрфінгам, і скачкі на батуце і петанкам. Таксама не абылося без трукаў на скейтбордах, «танцаў» на лангбордах, трэніроўкі на баланс-бордах. А для дзяцей зладзілі міні-футбол, бітвы ў шарах ды іншыя актыўныя гульні. Праводзіліся майстар-класы па брэйку, хіп-хопе і хаусу. А на сканчэнне – танцавальны батл брэйкераў і грузінскіх танцораў.
Увесь дзень на сцэне ля Ратушы граюць беларускія і грузінскія музычныя калектывы. А 22 гадзіне на ёй жа выступіць вядомая джазавая спявачка Ніно Катамадзэ.