Смачна і насычана: экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» запрашае!
15 верасня 2019 г. на поўначы Беларусі, у Міёрах, адбудзецца
экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», якое стала
традыцыйным для рэгіёна і пройдзе ўжо ў сёмы раз.
Госці свята змогуць пачаставацца журавінамі і журавінавымі стравамі, а таксама паўдзельнічаць у назіранні за жураўлямі з арнітолагамі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Менавіта ў верасні пачынаецца сезон збору карысных ягад – журавінаў, запасамі якой багатая Міёршчына. І кожны год больш за 4000 шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў спыняюцца на адпачынак на мясцовым балоце Ельні падчас восеньскай міграцыі.
Сёлета свята набыло новы імпульс для развіцця, стаўшы часткай вялікага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”.
Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і скіраваны на паляпшэнне жыцця жыхароў Міёршчыны на аснове рэлізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця рэгіёна.
Пачатак свята ў 11.00, афіцыйнае адкрыццё – ў 13.00.
Месца правядзення – гарадскі парк “Паўвостраў”, г. Міёры.
Насычаная праграма свята уключае ў сябе конкурс і прэзентацыю “Жураўліны кірмаш-2019” сярод сельскіх падворкаў Міёрскага раёна, выступленні творчых калектываў Міёршчыны і гасцей з Латвійскай Рэспублікі. Упершыню на сцэне гарадскога парка “Паўвостраў” выступіць фольк-гурт PAWA.
Адметнасць свята – магчымасць разам з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і арнітолагамі паназіраць за жураўлямі і пабываць на экасцежцы на балоце Ельня.
А таксама гасцей чакаюць шматлікія майстар-класы для дзяцей і дарослых, дэгустацыі, інтэрактыўная фотазона, актыўнасці на пляцоўцы АПБ, праца Праектнай пляцоўкі, мабільны планетарый, квесты, экашопінг і шмат-шмат іншых цікавостак!
“Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” – свята як мінімум “5 у адным”!
• яднанне з прыродай (прайсціся па балоце Ельні і паназіраць за жураўлямі)
• адпачынак у добрай кампаніі на вясёлым свяце
• умацаванне фізічнага стану (дзякуючы гаючаму паветру і “эліксіру здароўя” – журавінам)
• эканамічная выгода: шопінг на кірмашы майстроў
• новыя ўражанні і сюрпрызы
Шчыра запрашаем!
Кантактная асоба – Надзея Дударонак, мясцовы каардынатар праекта,
+375 33 370 99 16, mioryproekt@tut.by
Праграма экалагічнага свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” у 2019 годзе
9-14 верасня
• экалагічны тыдзень “Чароўны край малой Радзімы” (установы адукацыі Міёрскага раёна);
• конкурс на найлепшага здатчыка журавінаў.
10 верасня
Паседжанне клуба маладой сям’і “Жураўлінаю сцежкай”.
14 верасня
• урачыстая рэгістрацыя шлюбу “Жураўлінае вяселле” (каля скульптуры “Жураўліная вернасць”, г. Міёры, плошча Леніна, 14);
• урачыстае вітанне “Жураўліная вернасць” (каля скульптуры “Жураўліная вернасць”);
• міжраённы турнір інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” на кубак старшыні Міёрскага раённага выканаўчага камітэта (Міёрскі раённы Дом культуры);
• адкрыты кубак раёна па валейболе сярод жаночых каманд (Міёрская ДЮСШ);
• конкурс “Смак журавінаў” (па зборы журавінаў) сярод прафсаюзных аб’яднанняў і ахвочых.
15 верасня
09.30 – семінар “Міжнароднае супрацоўніцтва як інструмент устойлівага развіцця Міёрскага раёна” (малая зала Міёрскага раённага выканаўчага камітэта).
Гарадскі парк:
11.00 – адкрыццё выставы-продажу вырабаў народных майстроў “Жураўліная скарбонка” з правядзеннем майстар-класаў;
12.00 − выступленне калектываў г. Даўгаўпілса і Крустпілскага краю (Латвія);
11.00 – 13.00 – конкурс “Жураўліны кірмаш-2019” сярод сельскіх падворкаў Міёрскага раёна;
11.00 – 15.00 – прэзентацыя сельскіх падворкаў;
13.00 – урачыстае адкрыццё свята, узнагароджанне пераможцаў раённых конкурсаў:
− па добраўпарадкаванні;
− сярод сельскіх падворкаў;
− па зборы журавінаў і найлепшых здатчыкаў журавінаў;
− захавальнікаў Ельні;
− “Гатуем з журавінаў разам” (ад раённай газеты “Міёрскія навіны”).
14.00 – тэатралізавана-канцэртная шоу-праграма “Жураўліная нота”;
16.30 – канцэртная праграма фольк-групы “PAWA”;
22.00 – святочная тэматычная дыскатэка “Жураўліны опэн-эйр”.
Цягам дня:
Прэзентацыя пляцоўкі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”:
• праца інфармацыйнага стэнда (інфармацыя пра працу ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, пра тэрыторыю Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”, пра дзейнасць арганізацыі);
• назіранне за жураўлямі (з 10.00 да 14.00 кожную гадзіну адпраўленне аўтобуса ад Гарадскога парку, работа арнітолагаў на полі, запіс на экскурсію, суправаджэнне экскурсіі);
• экскурсіі па экасцежцы (суправаджэнне спецыяліста);
• інтэрактыўная фотазона “Жураўлі і журавіны − 2019” і майстар-клас для дзяцей;
• майстар-клас “Адчуй сябе жураўлём”;
• тэматычны аквагрым;
• “Жураўліны квэст”;
• выраб эка-сувеніраў.
Праектны офіс прапануе:
• праца інфармацыйнага стэнда (інфармацыя пра Праект “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”);
• майстар-клас па пляценні з траў;
• роспіс пернікаў з выявамі журавінаў і жураўлёў;
• продаж расады садовых журавінаў і дурніц;
• Фотасушка “Гісторыя свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”;
• акцыя “Створым музей разам” (пачатак фарміравання калекцыі будучага Музея журавінаў і жураўлёў);
• продаж сувеніраў.
Таксама вас чакае:
• прэзентацыі-дэгустацыі і продаж прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў;
• продаж журавінаў “Менш пластыку – больш журавінаў”;
• выстава экалагічнай літаратуры “Журавель-асветнік” (ад Міёрскай цэнтральнай бібліятэкі і Сектара спорту і турызму Міёрскага раённага выканаўчага камітэта);
• выстава краязнаўцы Вітольда Ермалёнка “Малая Радзіма пачынаецца з зямлі”;
• дзіцячая гульнёвая праграма “Вясёлы жураўлік”;
• праца моладзевай арт-пляцоўкі “Пакаленне NEXT” – квэст “Мой горад”, конкурсная праграма для моладзі;
• экапляцоўка “Новае жыццё ў абмен на крышачкі”;
• “Як стварылася планета Зямля” (фільм, работа мабільнага планетарыя);
• “Журавель запрашае” (бясплатнае наведванне і экскурсійная праграма па візіт-цэнтры “Ельня”, Міёры, вул. Кірава, 4а).
Паводле прэс-рэлізу