«Следчы прасіў мяне размаўляць па-руску»

Пра асабістую гісторыю супраціву і лёс беларускай мовы за кратамі нам распавялі тыя, хто трапляў у ізалятар за сваю пазіцыю.

mova_kraty__3___1_.jpg

Ганна, 31 год: «У аўтазаку я размаўляла па-беларуску»

Паэтка, перакладчыца, грамадская актывістка Ганна жыве ў Мінску. Яна размаўляе па-беларуску з 2015 года, калі пачала наведваць «Беларускі Калегіюм».


— Размаўляць на беларускай мове хацелася яшчэ ў школьныя гады, але для мяне было вельмі істотна знайсці беларускамоўны асяродак. У 2015 годзе гэта атрымалася дзякуючы «Беларускаму Калегіюму». Тады я пачала паступова пераходзіць на беларускую. Цяпер 90 адсоткаў размоў я вяду па-беларуску.

mova_kraty__6_.jpg


Ганна была затрыманая 8 верасня падчас маршу ў падтрымку Марыі Калеснікавай. Марш рушыў ад «Камароўкі», потым збочыў на праспект Машэрава. Яе разам з іншымі пратэстоўцамі прыціснулі ля сцяны культурнага цэнтра «Корпус». Гэтыя затрыманні жанчын трапілі на мноства здымкаў, якія потым выкарыстоўвалі розныя медыя дзеля ілюстрацыі агрэсіі з боку міліцыянтаў.
— Затрыманне было нечаканым. Я проста ішла, з кімсьці размаўляла… Моцнай небяспекі не адчувалася. Раптам пад’ехалі аўтазакі, з іх выйшлі мужчыны ў аліўкавай і чорнай форме, былі сярод іх і людзі без формы. Я адразу рынулася пад елку, да сцяны. Гэтае рашэнне было памылковым. Але там сабраліся і іншыя пратэстоўцы. Мы адразу ўзяліся ў счэпкі, хутка штосьці пачало адбывацца, некаторых забіралі. Я стаяла ў першым шэрагу, моцна абдымаючы нейкую жанчыну, якая стаяла побач, каб яе не аддаць і самой абараніцца. Мы ўсе дрыжалі, крычалі, спявалі… Потым чалавек у аліўкавым строі зрабіў нам вельмі дзіўную прапанову: выпусціць са шчэпак мужчын-пратэстоўцаў. Нібыта пры гэтай умове нас, жанчын, адпусцяць. У нас тады ўключылася такая ўпартасць! «У якім сэнсе вы мужчын забераце? Мы тут прыйшлі ўсе разам, гэта нашы мужчыны, і мы нікога вам не аддадзім!» Потым счэпкі паступова пачалі разрываць, і я ўпала разам з іншымі жанчынамі.
Перад падзеннем я вельмі абуралася на «аліўку», які стаяў насупраць. Казала яму па-руску: «Уходите, уходите!» У мяне з імі ўключаецца руская мова, каб яны дакладна зразумелі. Ну скажы ім: «Свабоду мірных сходаў!», — яны ж падумаюць: «А што такое ўвогуле “сходаў”, вы пра што?» У такія моманты няма часу нешта тлумачыць, таму я пераходжу на рускую.
І вось калі я ўпала, то заўважыла, што ён, гэты «аліўка», неяк сумеўся. У яго вачах было нешта кшталту: «Божачкі, гэтае беднае дзіцё ўпала». А я хоць і дарослая жанчына, але выглядаю сапраўды як дзіцё, галасочак яшчэ такі высокі. Ён паўтараў: «Помогите девушке подняться».

mova_kraty__8_.jpg


У аўтазаку я размаўляла па-беларуску. Ніякай негатыўнай рэакцыі на гэта не было. З намі ехалі двое мужчын у чорным. Ім вельмі хацелася паказацца разумнымі, адзін нават спытаў (невядома да чаго), якую апошнюю кнігу я прачытала. А я ж паэтка, сама пішу кніжкі, таму раззлавалася нават.
У Першамайскім РУУСе нас змясцілі ў спартыўную залу, там я таксама размаўляла па-беларуску. Нас прывезлі, паставілі ў шэраг, загадалі пакласці перад сабой рэчы. Там хадзіў адзін малады міліцыянт з моднай фрызурай, маска ў яго таксама была модная. Я штосьці сказала па-беларуску, дык ён гэта паўтарыў перадражніваючы. Было крыху крыўдна, але ў тых умовах амаль не звяртаеш увагу на падобнае.
Я размаўляла па-беларуску ў кабінеце следчага. Ён перыядычна перапытваў нейкія словы, рабіў гэта даволі карэктна. Але ў нейкі момант кажа: «А вы могли бы разговаривать по-русски?» На што я адказала: «Не, гэта маё права размаўляць па-беларуску». І следчы такі: «Я вас не заставляю, я прошу».

mova_kraty__7_.jpg


Нас пратрымалі ў Першамайскім РУУСе да чацвёртай гадзіны раніцы, а потым прывезлі на Акрэсціна. А дзясятай гадзіне быў суд. Я чакала яго ў калідоры. Там быў нейкі міліцыянт, як я зразумела, галоўны на паверсе. Ён увесь час чапляўся да мяне з-за беларускай мовы. А пазней выйшаў нейкі мужчына з кабінета — напэўна, таксама міліцыянт — далучыўся да размовы і запытвае: «Ну вот скажите честно, почему вы по-беларусски разговариваете? Чтобы выделиться или по зову души?»
Пазней гэты ж мужчына нам сказаў: «Девушки, вы скрашиваете наши будни, бывайте у нас почаще!» Разумееце, я сяджу на Акрэсціна, ноч не спала, у мяне не было нармальнага сняданка, бо аўсянка, якую там даюць, — сама па сабе катаванне, мяне судзяць, а ён кажа: «Бывайце часцей».
На суткі мяне перавезлі ў Жодзіна. Там са сваімі дзяўчатамі-сукамерніцамі я размаўляла па-беларуску, а з супрацоўнікамі — па-руску. Гэта атрымалася неяк само сабой. Напэўна, настолькі мне было трывожна, што дзеля падстрахоўкі я аўтаматычна пераходзіла на рускую мову. Хаця сярод супрацоўнікаў былі зусім маладыя хлопцы, напэўна з вёскі, размаўлялі крыху трасяначкай. Ужо потым я думала, што, можа, і не варта было з імі на рускую пераходзіць. Але было так, дысанансна: у камеры я размаўляю па беларуску, з супрацоўнікамі адразу пераключаюся на рускую.

Зміцер, 50 гадоў: «Калі я адказваў амапаўцам па-беларуску, ніхто не перапытваў»

Зміцер працуе інжынерам-сантэхнікам. Акрамя таго, мужчына піша вершы, натхняючыся актуальнымі падзеямі ў краіне, і малюе выдатныя плакаты, каб падтрымаць беларускі рух супраціву. У 2019 годзе Зміцер зрабіў плакат, прысвечаны гадавіне варты абароны Народнага мемарыяла Курапаты. Гэты прынт быў надрукаваны на цішотках крамы Symbal.by. Зміцер перайшоў на беларускую мову напрыканцы 2016 года.

mova_kraty__2_.jpg


— Апошнім штуршком да канчатковага рашэння размаўляць на беларускай мове стала спрэчка з маім сваяком, дзядзькам, які жыве на хутары. Ён добры чалавек, але крыху адсталы. Зайшла размова пра беларускасць, мову, сцяг (мой сцяг быў і ёсць бел-чырвона-белы). І вось тады ён паставіў мяне на месца наступнай фразай: «А што ж, калі ты такі ўжо беларус, на беларускай мове не размаўляеш?» Я зразумеў, што ў гэтым дзядзька мае рацыю. Так я пачаў паўсюль размаўляць па-беларуску.

mova_kraty__9_.jpg


11 жніўня знікла дзяўчына Зміцера. Пачуццё адчаю і безвыходнасці вымусіла яго выйсці ў той вечар на акцыю пратэсту. Відэа моманту яго затрымання на YouTube-канале TUT.BY паглядзелі 75 тысяч карыстальнікаў.
— У той дзень я зайшоў у аптэку, набыў там бінтоў і антысептыкаў на выпадак, каб можна было камусьці дапамогу аказаць, калі спатрэбіцца. Завітаў да сваёй дзяўчыны, Алеські, а потым пайшоў дахаты. Бліжэй да вечара тэлефанаваў Алесі некалькі разоў, але ніхто не адказваў. Перад гэтым яна казала, што пойдзе ў краму па прадукты. Алеся знікла. Я зразумеў, што яе скралі.
Я пайшоў дахаты, узяў сцяг Ваенна-марскога флоту, пад якім служыў, і паехаў на «Рыгу». Там разгарнуў сцяг, маладыя хлопцы цікавіліся, што за ён. Потым прыехалі людзі з дубінкамі і шчытамі, усіх разагналі, і так атрымалася, што я застаўся адзін са сцягам. Насупраць стаялі некалькі чалавек у вайсковым, цэлілі ў мяне з нейкай зброі (па вачах мне трапляла лазерам). Падумаў, што будуць страляць. Патрабаваў Алеську сваю. Да мяне са спіны падышлі два апамаўцы, павалілі на зямлю, некалькі разоў ударылі дубінкамі, заламалі руку.Мяне кінулі ў аўтазак, дзе было ўжо шмат затрыманых. Кінулі проста на людзей, яны ляжалі там на падлозе. Я шукаў магчымасць, каб на людзях не ляжаць, не ціснуць, бо яны ажно хрыпелі.
Калі нас перагружалі ў іншую машыну, білі палкамі ўсіх па чарзе. Выбягаючы, трэба было крычаць: «Я люблю ОМОН». Я пра сябе думаў, як можна было крычаць, каб было не так ганебна. Вырашыў крычаць: «Я люблю Нямон» (так у аднайменнай песні гурта «Стары Ольса» называецца рака Нёман. — НЧ). Гэта не так ганебна, калі цябе б’юць.

mova_kraty__4_.jpg

Калі я адказваў амапаўцам па-беларуску, ніхто не перапытваў. Я чакаў агрэсіі, але неяк абышлося. Перайшоў на рускую я толькі адзін раз, ужо на Акрэсціна, калі запісвалі мае даныя. Мне ў спіну тыркнулі палкай, калі я, называючы адрас, сказаў «завулак». Тады я зразумеў, што ім нязручна, калі я размаўляю па-беларуску, і трэба назваць адрас на зразумелай ім мове.
Усю наступную ноч мы стаялі на вуліцы — з перапынкамі то на каленях, то на кукішках. Потым нас правялі ў нейкае невялікае бетоннае памяшканне з кратамі зверху. Там мы стаялі да вечара наступнага дня, а потым нас перагналі ў нейкую камеру, дзе ўжо была вада, прыбіральня… Ноччу пайшлі чуткі, што будуць адпускаць.
Увесь час былі нейкія пераклічкі, называліся прозвішчы… Раптам я пачуў, што мяне назвалі. Выпусцілі ў калідор, паставілі ўздоўж сцяны. Усім далі нейкую паперу, сказалі падпісваць. Я адказаў, што без акуляраў не бачу. Міліцыянт сказаў, што гэта афіцыйнае папярэджанне, што я не павінен больш удзельнічаць у акцыях пратэсту. Мне ўжо было цяжкавата нешта ўспрымаць. Іншыя пачалі падпісваць, я таксама падпісаў. Нас вывелі на вуліцу, перад выхадам за браму дзялілі па 4–6 чалавек і выпускалі. Калі мяне выпусцілі, была такая шэрая раніца… Я ўжо даволі далёка адышоў, і дагнаў мяне нейкі мужчына, увесь сіні, моцна пабіты. Крычыць мне: «Зміцер!» Я спытаў, адкуль ён мяне ведае. Высветлілася, што яго разам са мной забралі на «Рызе». Я яму запомніўся менавіта тым, што размаўляю па-беларуску.
Алеську сваю я знайшоў пазней. Яе затрымалі, была ў савецкім РАУСе. Дзякуй Богу, не пабілі, але моцна там напалохалі.
Праз 2 месяцы прыйшла мне паперка з Партызанскага суда. Там было напісана, што мая справа спыненая, бо мінуў двухмесячны тэрмін. Гэтую паперку я разглядаю як такі жэст: «Бачыш, які падарунак мы зрабілі. Ледзьве не забілі, але па законе працуем».