Склалі рапарт за сушку ручніка. У СІЗА-1 на валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка працягваецца ціск
На палітзняволенага валанцёра праваабарончага цэнтра «Вясна» Андрэя Чапюка ў СІЗА-1 працягваецца ціск. Як паведамляюць яго родныя, на мінулым тыдні на «Валадарцы» на яго склалі рапарт аб парушэнні парадку за тое, што ён сушыў ручнік на дужцы нары, піша spring96.org.
Пры гэтым месцаў для сушкі ў камеры, акрамя адной маленькай батарэі, на ўсіх арыштантаў няма, і яны вымушаныя сушыць свае рэчы як атрымаецца. Такім чынам ствараюцца ўмовы для таго, каб у патрэбны час можна было пакараць патрэбнага чалавека.
Як вядома, зараз у многіх камерах у следчых ізалятарах і турмах неверагодная спёка. Арыштанты ратуюцца ад спёкі як могуць, у тым ліку з дапамогай вады і мокрых рэчаў. Некаторыя, як праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова, нават губляюць прытомнасць праз недахоп паветра ў камеры. Андрэй ратаваўся ад спёкі мокрым ручніком, але гэта палічылі парушэннем парадку ў СІЗА-1.
Родным пакуль невядома, як быў разгледжаны рапарт аб парушэнні парадку ў дачыненні да Андрэя Чапюка. Але гэта можа быць падставай для пакарання яго суткамі ў ШІЗА.
У чым абвінавачваюць валанцёра?
Валанцёра праваабарончага цэнтра «Вясна» Андрэя Чапюка затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 2 кастрычніка ў Мінску. Яму прад'явілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках». Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, бо «ўся дзейнасць Андрэя Чапюка насіла выключна мірны, праваабарончы характар і была накіраваная на дапамогу людзям, якія пакутуюць за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону сваіх правоў».
28 студзеня стала вядома, што супраць яго, а таксама супраць палітзняволеных актывістаў анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Аляксандра Францкевіча і яшчэ некалькіх чалавек узбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме».
За кратамі Андрэй ужо дзевяць месяцаў. За гэты час яго ўтрымлівалі ў следчых ізалятарах у Жодзіне і ў Мінску.
Вы можаце падтрымаць валанцёра лістамі салідарнасці!Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030Андрэю Сяргеевічу Чапюку