Скарга на прысуд Кавалёву не разгледжана
Адвакат Станіслаў Абразей, які бараніў Уладзіслава Кавалёва, расстралянага паводле абвінавачання ў тэрарызме, звярнуўся да старшыні Вярхоўнага суда з патрабаваннем неадкладна разгледзець наглядную скаргу. Гэта мусіла быць зроблена не пазней як у кастрычніку мінулага года.
Але адвакат не атрымаў ніякага адказу да гэтага часу. Пра зварот Станіслава Абразея да старшыні Вярхоўнага суда распавяла маці Уладзіслава Кавалёва.
Любоў Кавалёва лічыць пратэрміноўку з адказам на наглядную скаргу ўжо далёка не першым, а чарговым парушэннем заканадаўства адказнымі службовымі асобамі:
«Наглядную скаргу накіроўваў адвакат Станіслаў Абразей, было гэта 27 верасня 2012 года. Яму ж мусілі даслаць адказ не пазней як праз месяц, бо матэрыялы судовай справы для дадатковага вывучэння запатрабаваныя не былі. Адказу адвакату няма дагэтуль. Я не веру ў вінаватасць сына, лічу судовае рашэнне неправасудным, смяротнае пакаранне — беспадстаўным, але са свайго боку не магу нічым паспрыяць у гэтай справе: у СІЗА КДБ тройчы знікалі даверанасці, якія мусіла падпісаць кіраўніцтва гэтай установы, каб я таксама магла прадстаўляць інтарэсы Улада. Я мяркую, што даверанасці знікалі не выпадкова, а каб абмежаваць мае намаганні ў барацьбе за жыццё сына, а потым — за ягонае сумленнае імя. Дарэчы, і даверанасці — не адзінае, што патаемным чынам знікла ў СІЗА КДБ. Зніклі і запісы Уладзіслава, якія ён вёў падчас судовага працэсу. Мне так і не ўдалося высветліць, дзе зараз тыя паперы, хто іх знішчыў або прысвоіў з невядомымі мэтамі».
Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва расстралялі ў сакавіку 2012 года.
Паводле spring96.org