Сітуацыя страшная. Кожная чацвёртая дзяўчына зведала сэксуальны гвалт ад партнёра
Бывае, што дзяцей б'юць бацькі. Дарослых гвалціць дзяржава. А бывае яшчэ і так, што зло прыходзіць, адкуль не чакалі — ад тых, каго мы кахаем. І лічбы такіх выпадкаў уражваюць.
24% дзяўчат-падлеткаў сутыкаюцца з фізічным і сэксуальным гвалтам з боку інтымных партнёраў. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), апублікаваным у часопісе «Ланцэт». У 2023 годзе амаль кожная шостая дзяўчына ва ўзросце 15-19 гадоў стала ахвярай такога гвалту.
«Гвалт з боку інтымнага партнёра для мільёнаў маладых жанчын ва ўсім свеце пачынаецца вельмі рана, — гаворыць Паскаль Алатэй, дырэктарка дэпартамента сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя і даследаванняў СААЗ. —Улічваючы, што гвалт у крытычныя гады фармавання можа нанесці ім глыбокую і доўгатэрміновую траўму, да яго неабходна ставіцца больш сур'ёзна — як да праблемы грамадскага аховы здароўя, з упорам на прафілактыку і адрасную падтрымку».
Як адзначаюць у СААЗ, гвалт з боку партнёра можа мець негатыўныя наступствы для здароўя дзяўчат, іх паспяховасці, будучых адносінаў і перспектыў на ўсё жыццё. Гвалт можа прывесці да дэпрэсіі, трывожнага разладу, незапланаванай цяжарнасці, інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, піша сайт ААН.
Адрозненні па краінах і рэгіёнах
Аўтары даследавання прааналізавалі сацыяльныя, эканамічныя, культурныя і іншыя фактары, якія могуць уплываць на сітуацыю. Хоць гвалт у дачыненні да дзяўчат-падлеткаў адбываецца паўсюль, спецыялісты падкрэсліваюць значныя адрозненні ў залежнасці ад рэгіёна. Паводле ацэнак СААЗ, часцей за ўсё гэтая з'ява сустракаецца ў Акіяніі і Цэнтральнай Афрыцы на поўдзень ад Сахары. Там ахвярамі гвалту з боку партнёраў становяцца 47% і 40% дзяўчат адпаведна.
Самыя нізкія паказчыкі гвалту ў дачыненні да падлеткаў 15-19 гадоў назіраюцца ў Цэнтральнай Азіі і Цэнтральнай Еўропе (11% і 10% дзяўчат адпаведна).
Агулам гвалт з боку інтымнага партнёра ў дачыненні да дзяўчат-падлеткаў часцей за ўсё сустракаецца ў краінах і рэгіёнах з нізкім узроўнем даходу, дзе менш дзяўчат вучацца ў школе і дзе ў іх менш правоў на валоданне маёмасцю і атрыманне ў спадчыну ў параўнанні з хлопчыкамі.
Рызыкі значна павышаюцца ў краінах і рэгіёнах, дзе практыкуюцца дзіцячыя шлюбы (уступленне ў шлюб дзяўчат да 18 гадоў). Часта вялікая розніца ва ўзросце з мужам стварае дысбаланс у адносінах, эканамічную залежнасць і сацыяльную ізаляцыю. Праз гэтыя фактары верагоднасць гвалту павялічваецца.
Дзяўчаты-падлеткі маюць патрэбу ў падтрымцы
Эксперты падкрэсліваюць неабходнасць умацавання мер падтрымкі і ранняй прафілактыкі, распрацаваных спецыяльна для падлеткаў, нароўні з дзеяннямі па прасоўванні правоў жанчын і старэйшых дзяўчат: ад школьных праграм, навучання хлопчыкаў і дзяўчынак здаровым адносінам да прававой абароны і пашырэння эканамічных правоў і магчымасцей дзяўчат. Паколькі ў многіх падлеткаў няма ўласных фінансавых рэсурсаў, для іх выхад з адносінаў, у якіх яны сутыкнуліся з гвалтам, можа быць асабліва цяжкім.
«Даследаванне паказвае, што для спынення гендарнага гвалту краіны павінны ўвесці палітыку і праграмы, якія прасоўваюць роўнасць жанчын і дзяўчат», — сказала адна з аўтараў даследавання Лінмары Сардзінья.
«Гэта азначае забеспячэнне сярэдняй адукацыі для ўсіх дзяўчаь, забеспячэнне гендарна-роўных правоў уласнасці і спыненне шкодных практык, такіх як дзіцячыя шлюбы, якія часта падмацаваныя тымі ж несправядлівымі гендарнымі нормамі, што ўвекавечваюць гвалт у дачыненні да жанчын і дзяўчат», — дадала яна.
На дадзены момант ні адна краіна свету не знаходзіцца на шляху да дасягнення мэтавага паказчыка, вызначанага міжнароднай супольнасцю на 2030 год, – поўнага выкаранення гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчат.
СААЗ падтрымлівае краіны ў барацьбе з гэтай з'явай, уключаючы намаганні па прафілактыцы і рэагаванні ў сектары аховы здароўя. Да канца 2024 года арганізацыя плануе апублікаваць новыя кіруючыя прынцыпы па прадухіленні дзіцячых шлюбаў.
Што датычна агульнай сітуацыі з гвалтам у дачыненні да жанчын, то, як адзначаюць еўрапейскія палітыкі, кожная трэцяя жанчына зведала на сабе гвалт. Ён прымае розныя формы: гэта і гвалт у сям'і, і кібер-гвалт, сэксуальны і псіхалагічны гвалт, эканамічны гвалт, феміцыд, сэксуальны гвалт ва ўмовах канфліктаў. «Гэта рэальнасць нават у Еўропе. Сітуацыя вартая жалю і выклікае трывогу», — заяўляюць яны.
А што з Беларуссю?
Паводле даных даследавання Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, у Беларусі 16,9% апытаных жанчын сутыкаюцца з сэксуальным гвалтам на працягу жыцця. З іх — 6,5% паведамілі пра сэксуальны гвалт з боку інтымных партнёраў. Як піша «Штодзень», ініцыятыва oliviahelp.org спрабавала вызначыць прыкладны ўзровень сэксуальнага гвалту ў нашай краіне, і падчас даследавання 3% жанчын заявілі, што партнёры прымушалі іх да сэксуальных стасункаў супраць волі або да дзеянняў, якія з’яўляюцца прыніжальнымі ці абразлівымі для іх. 4,8% жанчын прызналіся, што іх прымушаюць да палавога акту праз пагрозы і прымяненне фізічнай сілы. Яшчэ 5% апытаных адзначалі, што ўступалі ў палавую сувязь супраць волі праз страх перад дзеяннямі партнёра ў выпадку адмовы.
Белстат хавае статыстыку па сэксуальным гвалце ў нашай краіне. Даныя за апошнія гады немагчыма знайсці ў Інтэрнеце, але раней гэтая тэма абмяркоўвалася публічна — прынамсі, у дачыненні да непаўнагадовых. І ўжо тады лічбы ўражвалі.
«Сярод выяўленых сёння злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх амаль палову складаюць факты палавых зносін і іншых дзеянняў сэксуальнага характару з асобамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту. З іх больш за 40% адносяцца да цяжкіх. Больш за траціну злачынстваў — гэта гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх»,— заяўляў у 2019 годзе прадстаўнік МУС Дзмітрый Цаюн.
У 2023 годзе, паводле даных сілавога ведамства, у Беларусі агулам афіцыйна было зафіксавана 110 згвалтаванняў (2022 — 119, 2021 — 85, 2020 — 64). Наколькі гэтыя лічбы адлюстроўваюць рэальную сітуацыю, сказаць немагчыма, але нават па гэтых даных відавочны рост злачынстваў за апошнія гады.